Новы біскуп у Сірыі: міжрэлігійны дыялог будзе працягвацца
Ян Глінскі
3 сакавіка 2023 года айцец Мурад, законнік з супольнасці Мар Муса, атрымаў біскупскае пасвячэнне і стаў новым сіракаталіцкім мітрапалітам. Супольнасць была заснавана італьянскім езуітам айцом Паола Дал’Ольё ў цэнтры сірыйскай пустыні дзеля дыялогу дзвюх монатэістычных рэлігій.
“Адгэтуль таксама горад Хомс будзе мець свой Мар Муса – месца дыялогу хрысціянства і ісламу. Ім будзе мой біскупскі дом”, – адзначыў іерарх, які ў 2015 годзе на працягу пяці месяцаў быў зняволены прадстаўнікамі Ісламскай дзяржавы.
Прымаючы сваю новую місію, мітрапаліт не адмовіўся ад сваёй духоўнай ідэнтычнасці, за якую ён удзячны айцу Паола Дал’Ольё, які ў 1993 годзе заснаваў супольнасць у Мар Муса, а дзесяць гадоў таму знік без вестак, будучы выкрадзеным баевікамі Ісламскай дзяржавы.
Новы арцыбіскуп лічыць яго пакутнікам, сябрам і настаўнікам. Іерарх прызнаўся, што дзякуючы італьянскаму езуіту, перажыў духоўнае перамяненне ў адносінах да мусульман, а потым з 2001 года арганізоўваў разам з ім у манастыры Мар Муса штогадовыя сустрэчы, прысвечаныя міжрэлігійнаму дыялогу.
Падчас Імшы новапрызначаны мітрапаліт адзначыў, што працягне традыцыю “адкрытых дзвярэй” для ўсіх, а таксама ўказаў на свае прыярытэты: катэхізацыю, душпастырства моладзі і клопат пра жанчын. Ён падкрэсліў, што як біскуп хоча перш за ўсё быць сведкам хрысціянскай надзеі, маючы свядомасць, што большасць вернікаў яго Касцёла – гэта простыя вясковыя людзі, моцна прывязаныя да сваёй зямлі і занадта бедныя, каб яе пакінуць.