Сінод Біскупаў: завяршылася асамблея Касцёла ў Лацінскай Амерыцы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
20 сакавіка 2023 года ўдзельнікі завяршылі падрыхтоўку канчатковага дакумента для кастрычніцкага сходу ў Ватыкане. Яшчэ да публікацыі тэксту, некалькімі важнымі тэмамі, узнятымі ў ім, падзяліўся з Vatican News старшыня Біскупскай рады Лацінскай Амерыкі (CELAM), арцыбіскуп Мігель Кабрэхас. Паводле яго, сінадальная форма прыняцця рашэнняў павінна прымяняцца і ў будучыні.
У выніковы дакумент, падрыхтаваны рабочай групай, увайшлі прапановы 22 епіскапатаў. Акрамя таго, у ім былі ўлічаны дакументы, якія тычацца душпастырскага клопату пра тры адмысловыя групы лацінаамерыканскага грамадства: карэнныя народы, народ гарыфуна, людзей афрыканскага паходжання ў Гандурасе, і народы Амазоніі.
Арцыбіскуп Кабрэхас згадаў ролю жанчын і іх удзел у жыцці Касцёла як "пастаянную тэму"; гэты пункт быў уключаны ў выніковы дакумент. Гаворка ідзе ў тым ліку і пра іх удзел у працэсах прыняцця рашэнняў.
У агульнай складанасці ў сустрэчах прынялі ўдзел 406 свецкіх вернікаў, манаскіх асоб, дыяканаў, святароў, біскупаў. Мовамі зносін былі іспанская, партугальская, англійская і французская. Паралельна ішоў "лічбавы Сінод", у якім удзельнічалі маладыя прадстаўнікі кожнага рэгіёну.
Па словах іерарха, асаблівасцю лацінаамерыканскага Сінадальнага працэсу стаў "метад духоўнай гутаркі", калі людзі слухалі адзін аднаго "без прадузятасці", а затым прымалі рашэнні на аснове “агульнага распазнання”.
Лацінаамерыканскі Сінод стаў завяршальным у серыі кантынентальных асамблей у рамках Сінадальнага працэсу, абвешчанага Папам. Да гэтага дэлегаты мясцовых Касцёлаў Еўропы сустрэліся ў Празе, Усходніх Каталіцкіх Цэркваў – у Бейруце, Касцёлаў Азіі – у Бангкоку, Касцёлаў афрыканскага кантынента – у Адыс-Абебе. У Паўночнай Амерыцы было праведзена дзесяць рэгіянальных анлайн-асамблей.
Кожная з кантынентальных Асамблей рыхтуе ўласны выніковы дакумент і накіроўвае яго ў Ватыкан, у сакратарыят Сінода. Гэтыя сем тэкстаў стануць асновай другога працоўнага дакумента Сінода, які павінен быць апублікаваны ў чэрвені 2023 года. На яго падставе адбудуцца дыскусіі ў рамках Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая пройдзе з 4 па 29 кастрычніка 2023 года ў Ватыкане.