11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Начное малітоўнае чуванне ў інтэнцыі вяртання Чырвонага касцёла правялі ў Мінску. У капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра каталіцкія вернікі сабраліся ў ноч з 3 на 4 сакавіка 2023 года, каб узмоцнена прасіць Пана аб аднаўленні набажэнстваў у сталічным касцёле святога Сымона і святой Алены. Чырвоны касцёл закрыты для вернікаў ужо амаль паўгода – пасля інцыдэнту з пажарам, прычыны якога дагэтуль не названыя. Вернікі і духавенства не маюць магчымасці маліцца ў сваёй святыні, уласнікам якой з’яўляецца дзяржаўная ўстанова.

Фэсты ў гонар святога Казіміра праходзяць у парафіях Беларусі з удзелам біскупаў. 4 сакавіка 2023 года ў стаўбцоўскім касцёле парафіяльны адпуст узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскага арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. А ў магілёўскай парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ўрачыстую святую Імшу цэлебраваў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Таксама для ўдзельнікаў там падрыхтавалі пачастунак, канцэрт і фотавыставу.

З ксяндзом Дзмітрыем Барылам развіталіся ў Ракаве. Дэкан Валожынскага дэканата, пробашч ракаўскай парафіі і былы кіраўнік Касцёльнага суда ў Мінску адышоў у вечнасць 28 лютага 2023 года на 49-м годзе жыцця і 24-м годзе святарскага служэння. Падчас развітання 1-2 сакавіка ў Ракаве адбылося пяць святых Імшаў, якія цэлебравалі, у тым ліку, біскупы Юрый Касабуцкі, Аляксандр Яшэўскі і Алег Буткевіч, а цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Хрысціянскую перадачу для дзяцей стварылі беларускія католікі. Відэа-праект Анёлкі з вясёлкі запусцілі 24 лютага 2023 года: у першым 40-хвілінным выпуску дзяцей запрашаюць навучыцца спяваць вясёлыя песні, рабіць салодкія пачастункі, даведацца пра пісьменства, архітэктуру, прыроду і космас. Над перадачай працуюць Настасся і Віктар Малышчыц, Аксана Ючкавіч і іншыя вернікі з заслаўскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Моладзевая адарацыя на пачатак Вялікага посту прайшла ў Мінску. Увечары 2 сакавіка 2023 года ў сталічнай парафіі святога Францішка Асізскага каталіцкая моладзь сабралася на адарацыю Кайцеся і верце ў Евангелле. Юнакі і дзяўчаты з розных парафій Мінска маліліся разам перад Найсвяцейшым Сакарамэнтам. Такая малітоўная сустрэча моладзі на пачатку Вялікага посту праходзіла ўжо пяты год запар.

Святары Гродзенскай дыяцэзіі правялі дзень засяроджання ў семінарыі. Узначаліў мерапрыемства біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. 27 лютага 2023 года ў Вышэйшай духоўнай семінарыі на дзень засяроджання сабраліся звыш 60 святароў – дыяцэзіяльных і з манаскіх супольнасцей. Гэты дзень святары перажывалі з дапамогай набажэнства Крыжовага шляху, канферэнцыі, святой Імшы.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

04 сакавіка 2023, 10:10