У Рыме выбралі новае кіраўніцтва COMECE
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Акрамя старшыні аб’яднання дэлегаты епіскапатаў краін ЕС абралі таксама чатырох віцэ-старшынь. Імі сталі арцыбіскуп Дыжонскі Антуан Эруар з Францыі, дапаможны біскуп Лісабонскай архідыяцэзіі Нуна Брас да Сілва Марцінс з Партугаліі, біскуп Вілкавішскі Рымантас Норвіла з Літвы і біскуп Капенгагенскі Чэслаў Казон з Даніі.
Новы старшыня COMECE нарадзіўся ў 1953 годзе ў Кастэльветрана на Сіцыліі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1979 годзе. Займаўся душпастырствам, абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі ў Папскім грыгарыянскім універсітэце. У 2007 годзе стаў біскупам дыяцэзіі Нота на Сіцыліі. У 2008 годзе быў абраны сакратаром Канферэнцыі Біскупаў Італіі. У 2013 годзе Францішак прызначыў яго біскупам італьянскай дыяцэзіі Лаціна-Тэрачына-Сэццэ-Прыверна. З 2017 года іерарх быў дэлегатам італьянскага епіскапату ў COMECE, а з 2018 па 2023 год – віцэ-старшынёй гэтай арганізацыі.
Біскуп Марыяна Крачата змяніў на пасадзе старшыні Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці арцыбіскупа Люксембуржскага, кардынала Жана-Клода Олерыша, які кіраваў аб’яднаннем на працягу пяцігадовага тэрміну з 2018 года.
Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці была заснавана 3 сакавіка 1980 года. Асноўнай задачай арганізацыі з’яўляецца садзейнічанне і вядзенне дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і еўрапейскімі інстытутамі. У яе ўваходзяць іерархі, дэлегаваныя Канферэнцыямі Біскупаў 27 дзяржаў-членаў ЕС. Пасля фармальнага выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза, дэлегаты епіскапату Англіі і Уэльса і епіскапату Шатландыі ўдзельнічаюць у працы Камісіі ў якасці назіральнікаў.