Ксёндз Ханс Цольнер Ксёндз Ханс Цольнер  (AFP or licensors)

Ватыканскі эксперт пра чатыры гады дзеяння дакумента Vos estis

Vos estis, ключавы дакумент Францішка ў барацьбе супраць злоўжыванняў, часта не працуе, - прызнаў ксёндз Ханс Цольнер.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Езуіт з'яўляецца адным з вядучых экспертаў Святога Пасада па барацьбе са злоўжываннямі, членам Папскай камісіі па абароне непаўналетніх і кіраўніком размешчанага ў Рыме Інстытута антрапалогіі, які разглядае выпадкі злоўжыванняў з навуковага пункту гледжання.

Як паведаміла агенцтва NCR, святар правёў віртуальную гутарку з групай католікаў, якія сталі ахвярамі злоўжыванняў. Сярод іншага, гаворка ішла пра магчымасць падачы апеляцыі, калі ахвяры лічаць, што іх справа была разгледжана няправільна. Цольнер адзначыў, што тэарэтычна Vos estis прапануе мноства магчымасцей для падачы апеляцыі, аднак дадаў: "вельмі часта я сутыкаюся з тым, што гэта не працуе".

Эксперт прызнаў, што Vos estis не заўсёды ўжываецца паслядоўна і празрыста. Спасылаючыся на свой вопыт, ён адзначыў, што адсутнасць празрыстасці часта тлумачыцца спробай захаваць добрае імя канкрэтнага чалавека, што, аднак, нерацыянальна, паколькі такім чынам наносіцца дадатковая шкода і чалавеку і рэпутацыі інстытута.

Каментуючы, з іншага боку, перспектывы чатырох гадоў дзеяння motu proprio, нямецкі езуіт адзначыў, што слабым месцам дакумента з'яўляецца паняцце "бездапаможнага чалавека". Вызначэнне такой асобы занадта шырокае і ахоплівае занадта шмат выпадкаў. “Не ведаю, ці захоча хтосьці называцца бездапаможным толькі таму, што ён жанчына ці вернік", -адзначыў Цольнер, дадаўшы, што ў такіх выпадках лепш казаць пра “чалавека з групы рызыкі”.
 

06 сакавіка 2023, 11:14