Біскуп Эрвін Кройтлер Біскуп Эрвін Кройтлер 

Біскуп з Амазоніі пра неабходнасць далейшай рэформы ў Касцёле

“Францішак запавольвае праекты рэформ, верагодна, баючыся, што гэта прывядзе да расколу ў Касцёле”, – выказаў меркаванне біскуп-эмерыт дыяцэзіі Шынгу ў бразільскай Амазоніі Эрвін Кройтлер.

Ян Глінскі

У размове з аўстрыйскім выданнем Krone іерарх указаў на неабходнасць далейшай рэформы ў Каталіцкім Касцёле. Ён паходзіць з аўстрыйскага Форарльберга, але больш за 50 гадоў працаваў у Амазоніі на місіях.

У Амазонію біскуп Кройтлер прыбыў у 1965 годзе, а ў 1981-2015 гадах узначальваў велізарную (340 тысяч км2) бразільскую прэлатуру Альтаміра-Шынгу. У 1983 годзе быў прызначаны старшынёй Місійнай рады па справах індзейцаў пры Канферэнцыі Біскупаў Бразіліі. Гэтую функцыю ён выконваў да 1991 года, а потым ізноў ад 2006 года.

Як адзначыў, місію Касцёла ён разумее ясна: “паказваць адказным за ўладу, што беднасць – гэта не лёс, а рэчаіснасць”. Служэнне прыгнечаным індзейцам, як дадаў біскуп, аўтаматычна было скіравана супраць інтарэсаў правячых колаў. У сувязі з гэтым місіянер па-ранейшаму знаходзіцца пад аховай паліцыі.

На думку біскупа-эмерыта, тэрыторыі Амазоніі, населеныя карэннымі народамі, павінны быць адгароджаны “дэмаркацыйнай лініяй”, каб абараніць гэтыя месцы і людзей ад эксплуатацыі.
 

15 красавіка 2023, 08:54