Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Фестываль моладзі падчас СДМ у больш чым 80 пунктах Лісабона

Фестываль моладзі, які звычайна суправаджае Сусветныя дні моладзі, пройдзе ў больш чым 80 месцах Лісабонскай агламерацыі з 1 па 6 жніўня 2023 года, - паведаміў аргкамітэт форума.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сярод мерапрыемстваў, запланаваных для найбуйнейшай у свеце сустрэчы маладых каталікоў з Папам, будзе Горад радасці, размешчаны ў раёне Белен, а ў парку Эдуарда VII у цэнтры сталіцы падрыхтуюць месца для малітвы.

Марыяна Фразао, якая прадстаўляе арганізатараў Сусветных дзён, патлумачыла, што “Фестываль моладзі ў Лісабоне стане культурнай прапановай з пяці кантынентаў”. “Мы ўжо атрымалі шмат заявак з усяго свету: у нас ёсць тэатр, танцы, канферэнцыі, выставы, у нас таксама будуць спартыўныя спаборніцтвы”, - сказала яна.

На думку каталіцкай актывісткі, Фестываль будзе звязаны з досведам радасці, маладосці, універсальнасці веры, ён павінен паказаць Каталіцкі Касцёл як “жывы і малады, здольны выкарыстоўваць мовы і сучасныя формы мастацтва без шкоды для паслання, якое ён хоча несці”.

Фразао паведаміла, што падчас СДМ, з 1 па 4 жніўня, адбудзецца Кірмаш пакліканняў, дзе будуць прадстаўлены рэлігійныя рухі, супольнасці і кангрэгацыі, а таксама сацыяльныя праекты. У Парку прабачэння можна будзе паспавядацца ў адным са 150 канфесіяналаў.

Яна дадала, што 1 жніўня ў парку Эдуарда VII пройдзе першае набажэнства, а праз тры дні там жа адбудзецца Крыжовы шлях з удзелам Францішка. У сваю чаргу, 5 жніўня Папа ўзначаліць начное чуванне для моладзі, а ў нядзелю, 6 жніўня, – літургію закрыцця Сусветных дзён у Лісабоне.
 

25 красавіка 2023, 08:59