Кардынал: паспешлівасць моладзі – ад любові ці трывогі?
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Касцёл павінен ставіцца да моладзі як да сваёй рухаючай сілы ў свеце, ён павінен дынамізавацца ёю, для яго важна ўмець прымаць тое, што ў маладых людзях новае, - сказаў падчас сустрэчы кардынал Маўра Гамбэці.
На думку архіпрэзбітэра базілікі Святога Пятра, дэвіз сёлетняга моладзевага форума ў Лісабоне – Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну (Лк 1, 39) – адлюстроўвае дынамізм і паспешнасць, уласцівыя сучаснай моладзі. Маладыя непастаянныя і паспешлівыя, яны вельмі хуткія, сказаў кардынал-францішканін, і Касцёл павінен ісці ім насустрач, пераймаючы гэтыя рысы, накіроўваючы іх, арыентуючы іх. Гаворка ідзе не пра заганы, а пра погляды, пра лад жыцця, у якім расце сучасная моладзь, таксама пад уплывам глабалізацыі.
Па словах іерарха, Касцёл павінен сустрэць маладых людзей у іх нестабільнасці і мітуслівасці, каб дапамагчы ім аднавіць раўнавагу. Для Касцёла гэта магчымасць прапанаваць грамадству новыя гарызонты і духоўнае жыццё, якое сёння неабходна адкрыць нанова. Варта вярнуць месца духоўнаму вымярэнню чалавека, падкрэсліў Гамбэці, каб можна было адказаць на сучасныя выклікі. Трэба таксама дапамагчы маладым людзям усвядоміць, чаму яны так спяшаюцца. Ці яны, як Марыя, кіруюцца любоўю, ці імі, магчыма, кіруе трывога.