Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Завяршыўся цыкл сустрэч, прысвечаных падрыхтоўцы да Сусветных дзён моладзі. 13 красавіка 2023 года ў Мінску прайшла заключная сустрэча ў межах падрыхтоўкі да XXXVII Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. У катэдральным касцёле сабраліся юнакі і дзяўчаты, якія жывуць і вучацца ў сталіцы. Падчас сустрэчы святую Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуўся да моладзі са словамі: "Вы, якія паедзеце ў далёкі Лісабон, засведчыце, што на Беларусі Бог жыве!"
Вялікдзень у Магілёве святкавалі з удзелам двух біскупаў. 9 красавіка 2023 года ў старадаўняй катэдры адбылася ўрачыстая Рэзурэкцыйная цэлебрацыя з удзелам Генеральных вікарыяў архідыяцэзіі біскупаў Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага. Першыя словы Езуса, якія пасля ўваскрасення Ён скіраваў збянтэжаным апосталам, былі "Супакой вам", падкрэсліў біскуп Касабуцкі ў прамоўленай гаміліі: "Мы жывем у XXI стагоддзі, і стыль жыцця цяпер вельмі хуткі. Мы не паспяваем за падзеямі, жыццё напоўнена гаджэтамі, чалавек заўсёды знаходзіцца на сувязі. І ў гэтай віхуры Езус дае нам супакой".
У Мінску распачаўся XVIII фестываль духоўнай музыкi Залатагорская ліра. 11 красавіка 2023 года ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы фестываль адкрыў выступ хораў сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены. Канцэрты – вечары арганнай, духавой, харавой, старадаўняй камернай і вакальнай музыкі – працягнуцца да 29 красавіка.
Выйшаў красавіцкі нумар часопіса Ave Maria. Чытачам прапануюць успаміны Крыстыны Лялько пра працу над перакладам Дзённіка сястры Фаўстыны на беларускую мову, інтэрв’ю з намеснікам дырэктара Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Вольгай Лабуць, медытацыю над пытаннямі сястры Паўлы Эвы Бобер, артыкул ксяндза Андрэя Рылкі, матэрыялаў іншых пастаянных аўтараў.
Распачаўся запіс на ігнацыянскія рэкалекцыі, якія пройдуць у Навагрудку і Росі. Духоўныя практыкаванні паводле метаду святога Ігнацыя Лаёлы ладзяць у ліпені і жніўні. Удзел у рэкалекцыях могуць узяць усе ахвотныя: свецкія вернікі, кансэкраваныя асобы і духавенства. Кантакты для запісу, які працягнецца да 15 мая, – на сайце езуітаў у Беларусі.
Падрыхтавана паводле catholic.by і ўласнай інфармацыі.