Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Цэлебрацыі Святога Пасхальнага Трыдуума ўзначалілі беларускія іерархі ў Мінску і рэгіёнах. Напярэдадні, раніцай 6 красавіка 2023 года, у Вялікі чацвер, Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч у мінскім катэдральным касцёле прыняў удзел у святой Імшы Хрызма. Узначаліў урачыстую цэлебрацыю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У прамоўленай гаміліі іерарх назваў галоўным заданнем у святарскім пакліканні імкненне перадусім быць Божымі людзьмі, якія нясуць Хрыстовую любоў і дзеляцца ёю са сваімі братамі.
Дабрачынны велікодны кірмаш праходзіць у Гродне. У Вялікую суботу, 8 красавіка 2023 года, ля касцёла Маці Міласэрнасці можна набыць велікодныя цацкі і пернікі, вырабленыя беларускімі майстрамі. Усе сабраныя на кірмашы ахвяраванні будуць выкарыстаны ў падтрымку анкапацыентаў хоспісаў. А ў Вялікую пятніцу Дабрачынны фонд Цэнтр Дапамогі Жыццю ў Гродне правёў акцыю па зборы кулічоў на Вялікдзень для дарослых, невылечна хворых на анкалогію – пачастункі перададуць у гродзенскія хоспісы і мінскі стацыянар.
Ноч канфесіяналаў прайшла ў Мінску. У парафіі Божага Цела ў ноч з 7 на 8 красавіка 2023 года айцы кармэліты босыя запрасілі ўсіх ахвотных узяць удзел у чуванні пры сімвалічнай Грабніцы Пана. На працягу чування была магчымасць прыступіць да святой споведзі. Чуванне працягваецца да Пасхальнай Вігіліі.
Велікодны абед для бедных прайшоў у Гродне з удзелам біскупа Аляксандра Кашкевіча. 4 красавіка 2023 года абед для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства прыгатавалі законніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і валанцёры пры падтрымцы дыяцэзіяльнага Caritas. У сустрэчы ўдзельнічала каля 200 чалавек, пасілак благаславіў біскуп Гродзенскі. Прысутныя разам прамовілі малітву, просячы найперш аб удзяленні кожнаму неабходных ласкаў.
Крыжовы шлях па вуліцах горада правялі ў Смаргоні падчас святых Місій. Гэтыя паглыбленыя духоўныя практыкаванні завяршыліся ў мясцовай парафіі святога Міхала Арханёла 2 красавіка 2023 года. Святыя Місіі праводзілі айцы з супольнасці місіянераў аблатаў Марыі Беззаганнай, якія служаць у Шуміліна. У Пальмовую нядзелю на заканчэнне святых Місій вернікі вызналі веру ля місійнага крыжа.
Размова з экзарцыстам Віцебскай дыяцэзіі выйшла на Youtube. На канале дабрачыннага фонду Адкрытыя сэрцы апублікавана інтэрв’ю з ксяндзом Мікалаем Ціхановічам, доктарам тэалогіі, пробашчам парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім. У гутарцы з дырэктарам фонду экзарцыст гаворыць пра сваё служэнне, айцоўства ў жыцці святара, ушанаванне Эўхарыстыі, адказвае на пытанні, чаго баіцца д’ябал, як усвядоміць сваё айцоўства, калі не было прыкладу бацькі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.