Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Браславе з удзелам Апостальскага нунцыя адзначаюць 100-годдзе заснавання кангрэгацыі сясцёр эўхарыстак. 29 красавіка 2023 года ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў, дзе праходзяць юбілейныя ўрачыстасці, арцыбіскупа Антэ Ёзіча запрасілі ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы падзякі за стагоддзе руплівага служэння сясцёр кангрэгацыі.
У Мінску прайшоў Пленарны сход Каардынацыйнай групы манаскіх настаяцеляў Беларусі. У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры 27 красавіка 2023 года сабраліся настаяцелі, дэлегаты і прадстаўнікі мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Да пасяджэння далучыўся Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які выступіў з прамовай.
Біскуп Гродзенскі благаславіў фундамент новай святыні ў гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. Касцёл будзе пабудаваны ў Абухаве пад Гродна. Біскуп Аляксандр Кашкевіч 22 красавіка 2023 года благаславіў і ўмураваў у фундамент будучай святыні два вуглавых камені, якія былі прывезены з радзімы апекуна парафіі благаслаўлёнага спаведніка святой Фаустыны Кавальскай. Касцёл будуюць побач з праваслаўным храмам – прыхаджане і настаяцель царквы таксама ўдзельнічалі ва ўрачыстасці.
Вернікаў запрашаюць да малітвы Пампейскай навэннай аб вяртанні парафіяльнага жыцця ў Чырвоным касцёле ў Мінску. Парафія святога Сымона і святой Алены апублікавала зварот 26 красавіка 2023 года – калі споўнілася 7 месяцаў з таго часу, як святыня зачынена: "Працягваем трываць у штодзённай шчырай малітве аб вяртанні касцёла нашым парафіянам і душпастырам. Аддаём гэтую справу Богу, Які ёсць Праўдай і Справядлівасцю". Распачаць Пампейскую навэнну запрашаюць з мая – месяца, прысвечанага Найсвяцейшай Панне Марыі.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў касцёл у Красным, дзе памаліўся з мясцовымі вернікамі. 23 красавіка 2023 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў у гэтым мястэчку пад Маладзечна цэлебрацыю святой Імшы. У прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў аб хрысціянскім абавязку сведчыць пра Хрыста Уваскрослага ў кожным месцы і ў кожную хвіліну жыцця.
У мінскай архікатэдры праходзяць музычныя Вечары велікодных віншаванняў. Праект распачаўся 22 красавіка 2023 года канцэртам камернай музыкі. У далейшай праграме – вечары арганнай, вакальнай, скрыпічнай музыкі, выступленні хораў. Серыя гэтых канцэртаў пад кіраўніцтвам галоўнага арганіста мінскага архікатэдральнага касцёла Уладзіміра Неўдаха запланавана на працягу мая.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.