Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

COMECE правяла сустрэчу аб Украіне ў Еўрапейскім парламенце

Несправядлівая і бесчалавечная ваенная агрэсія Расійскай Федэрацыі супраць Украіны не толькі прынесла жудасныя пакуты нявінным людзям ва Украіне, але і пахіснула ўсю архітэктуру бяспекі ў Еўропе і за яе межамі, - заўважыў біскуп Ян Вокал.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Чэшскі іерарх, пастыр дыяцэзіі Градзец-Кралавэ і віцэ-старшыня Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE), прыняў удзел у круглым стале, прысвечаным вайне ва Украіне, які адбыўся 25 мая 2023 года ў Еўрапейскім парламенце ў Брусэлі. Сустрэчу арганізавала аб’яднанне епіскапатаў краін ЕС, запрасіўшы на яе палітыкаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і Касцёла.

Цытуючы словы Францішка, скіраваныя ў сакавіку 2023 года да COMECE, біскуп Вокал заклікаў да распрацоўкі “еўрапейскай стратэгіі міру”. Ён заахвоціў ЕС прапанаваць кантыненту “абноўленае стратэгічнае бачанне стабільнасці, справядлівасці і міру, укаранёнае на моцным падмурку каштоўнасцяў і на павазе да годнасць чалавека ў яе цэнтры”.

У сувязі з вайной, якая ідзе на еўрапейскай зямлі, а таксама імкненнем Украіны, Малдовы і Грузіі да членства ў Еўрапейскім Саюзе, пашырэнне ЕС набывае стратэгічнае значэнне для міру і росквіту ў нашым рэгіёне. “Паважаючы адметнасці краін і іх свабодны выбар, трэба дазволіць тым, хто імкнецца да больш цесных сувязяў з Еўрапейскім Саюзам або нават будучага членства ў ім, стаць на гэты шлях”, - падкрэсліў чэшскі іерарх.

У круглым стале браў удзел таксама айцец Ігар Шабан, старшыня камісіі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы па пытаннях міжнароднага і экуменічнага дыялогу. Ён падзякаваў ЕС за салідарнасць з Украінай і за падтрымку змучанага ўкраінскага народа, заклікаўшы да ўмацавання адзінства ў гэтай падтрымцы. СOMECE паспрыяла правядзенню на палях форума двухбаковых сустрэч святара з прадстаўнікамі Еўрапейскай Камісіі і дыпламатычнымі службамі Еўрапейскага Саюза. Яны далі магчымасць атрымаць з першых рук інфармацыю пра сітуацыю ва Украіне і абмяняцца думкамі пра канкрэтныя шляхі падтрымкі гэтай краіны з боку ЕС.
 

26 мая 2023, 16:16