Эўхарыстычны кангрэс: братэрства мае ключавое значэнне для свету
Марыя Валодзіна – Vatican News
У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ксёндз Маджоні патлумачыў, што прычына выбару Эквадора ў якасці месца правядзення наступнага эўхарыстычнага кангрэса, заключаецца ў святкаванні 150-годдзя прысвячэння гэтай лацінаамерыканскай краіны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Кандыдатура Кіта была прадстаўлена Святому Айцу, які ўхваліў яе. Гэта адбылося за некалькі месяцаў да Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, які прайшоў у Будапешце ў 2021 годзе.
На пытанне аб тым, якое пасланне кангрэс спадзяецца паслаць Касцёлу і народу Эквадора, ксёндз Маджоні адзначыў, што абраная для кангрэса тэма братэрства мае фундаментальнае значэнне для Эквадора, а таксама для іншых краін рэгіёна, у якіх складваюцца няпростыя адносіны на сацыяльным, палітычным і культурным узроўнях. Акрамя таго, братэрства – гэта выдатная эўхарыстычная тэма, таму што сакрамэнт Эўхарыстыі “дапамагае нам прызнаць сябе дзецьмі Айца, а значыць, братамі паміж сабой”. Эўхарыстыя – гэта гарантыя камуніі з Хрыстом. Яна робіць Хрыста нашым сучаснікам, а нас – Ягонымі. Мы не можам казаць, што жывём у Хрысце і што Хрыстос жыве ў нас, калі мы не ўдзельнічаем ў Эўхарыстыі.
Адказваючы на пытанне пра планы па падрыхтоўцы кангрэса, ксёндз Маджоні адзначыў, што 23 мая 2023 года прайшло пасяджэнне камітэта, які ён узначальвае. На ім прысутнічалі арцыбіскуп Кіта і яго дэлегацыя. Былі прадстаўлены лагатып і гімн мерапрыемства. Вядзецца праца над асноўным тэкстам Кангрэса. У падрыхтоўчым этапе прымуць удзел усе дыяцэзіі Эквадора, а таксама іншыя краіны. Нарэшце, у верасні ў Кіта адбудзецца сустрэча дэлегатаў, прызначаных біскупскімі канферэнцыямі для распрацоўкі праграмы і паведамленняў.