Кардынал Вінцэнт Нікалс з Карлам ІІІ Кардынал Вінцэнт Нікалс з Карлам ІІІ  (Newsgroup UK)

Экуменічны дыялог змяніў як католікаў, так і англікан

Арцыбіскуп Вестмінстэрскі і Прымас Англіі падзяліўся сваімі назіраннямі за міжканфесійнымі адносінамі ў Вялікабрытаніі, з асаблівым акцэнтам на кантактах з англіканамі. Яго інтэрв’ю публікуе каталіцкае агенцтва SIR.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Вінцэнт Нікалс, між іншым, прызнаўся, што дзякуючы тэалагічнаму дыялогу паміж дзвюма Цэрквамі, які доўжыцца на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, змяніліся і іх вызнаўцы. Адной з праяў гэтых перамен стала прысутнасць афіцыйных прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла на нядаўняй каранацыі караля Карла III.

Ён заўважыў, што “калі падчас каранацыі Лізаветы II у 1953 годзе было немагчыма ўявіць, каб каталіцкі Прымас прыняў удзел у такой цырымоніі, то сёння, у 2023 годзе, была б немагчымай яго адсутнасць”. І гэта паказвае, наколькі змяніліся адносіны за апошнія семдзесят гадоў.

Суразмоўца SIR нагадаў, што такія змены пачаліся яшчэ да Другога Ватыканскага Сабору. Над гэтым задумаліся яшчэ ў 1940-я гады. Сур’ёзным штуршком стаў саборны дэкрэт аб экуменізме.

Кардынал Нікалс нагадаў, што існуе пастаянны інстытуцыянальны дыялог з англіканскай супольнасцю на чале з Міжнароднай каталіцкай англіканскай камісіяй (ARCIC), якая абмяркоўвае дактрынальныя пытанні. Найважнейшай такога роду праблемай ва ўзаемаадносінах ён лічыць разуменне дзвюма Цэрквамі дару Эўхарыстыі. Існуюць і кантакты на мясцовым узроўні з удзелам духавенства, парафій і простых вернікаў, і гэта супрацоўніцтва пастаяннае.

У апошнія гады католікі на астравах узмацнілі свой уклад у грамадзянскую супольнасць: Касцёл тут кіруе прыкладна 2 тысячамі школ, пачатковых і сярэдніх.

Міжнародны склад каталіцкіх парафій можа паспрыяць глыбокім дэмаграфічным зменам у брытанскім грамадстве, - лічыць арцыбіскуп Вестмінстэрскі. Ён адзначыў, што ў яго архідыяцэзіі вернікі прадстаўляюць 30-40 розных нацыянальнасцяў, і дадаў: "Мы з'яўляемся сімвалам інтэграванага грамадства".
 

23 мая 2023, 11:03