Падчас пілігрымкі Францішка ў Фаціму 12 і 13 мая 2017 года Падчас пілігрымкі Францішка ў Фаціму 12 і 13 мая 2017 года 

Фаціма чакае візіту Папы падчас Сусветных дзён моладзі

Рэктар сусветна вядомага марыйнага санктуарыя чакае, што Папа наведае Фаціму ў рамках свайго ўдзелу ў Сусветных днях моладзі ў Лісабоне на пачатку жніўня.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Цалкам верагодна, што Святы Айцец прыедзе ў Фаціму “ў якасці пілігрыма, каб тут памаліцца”, - сказаў ксёндз Карлас Кабесіньяс у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Ecclesia. Ён таксама рыхтуецца да звязанага з магчымым візітам вялікага наплыву пілігрымаў.

Францішак ужо быў у партугальскім санктуарыі ў 2017 годзе. У 100-ю гадавіну аб’яўленняў Марыі ён кананізаваў двух дзяцей-пастушкоў Францішка і Жасінту Марту ў прысутнасці каля мільёна вернікаў.

З прычыны вайны ва Украіне Фаціма зноў стала актуальнай для Пантыфіка, - адзначыў ксёндз Кабесіньяс. Падчас прысвячэння Украіны і Расіі Найсвяцейшаму Сэрцу Марыі ён аддаў належнае Фаціме за яе “пасланне супакою”, за тое, што яна застаецца “месцам пастаяннай малітвы за мір”. Гэта вымярэнне “заўсёды было неад’емнай часткай фацімскага паслання”, - заўважыў партугальскі святар.

Эканамічны крызіс у Партугаліі, які пагоршыўся з вайной ва Украіне, адчуваецца таксама ў Фаціме: Кабесіньяс прызнаўся, што тут стала гучаць нашмат больш просьбаў аб дапамозе, чым калі-небудзь раней. “Ёсць мноства сем'яў, якія не могуць плаціць за арэнду дома, а многія не могуць расплаціцца за лекі ў аптэцы”. У нястачы таксама шмат пажылых людзей з невялікімі пенсіямі.

Яшчэ адзін феномен – вяртанне ў фацімскі санктуарый пілігрымаў з-за мяжы. У каронавірусныя гады чарговыя гадавіны аб’яўлення Багародзіцы 13 мая прыйшлося святкаваць “раптоўна без пілігрымаў”, што дазволіла святыні адчуць яднанне з тымі, "каму давялося перажыць драму пандэміі з усёй яе нявызначанасцю". Тым часам колькасць наведвальнікаў амаль вярнулася да перадпандэмічнага ўзроўню, і новыя групы з далёкіх краін, такіх як Паўднёвая Карэя, прыязджаюць практычна кожны дзень.

Папа Францішак ужо ў кастрычніку 2022 года зарэгістраваўся для ўдзелу ў Сусветных днях моладзі ў Лісабоне. Аднак Святы Пасад пакуль не апублікаваў афіцыйнай праграмы партугальскага падарожжа, якое пройдзе 1-6 жніўня 2023 года. Яе з’яўленне чакаецца цягам бліжэйшых некалькіх тыдняў.
 

16 мая 2023, 12:00