Кардынал Олерыш: Сінадальны шлях vs. Сінадальны працэс
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв'ю італьянскай Corriere della Sera ад 27 красавіка 2023 года ён заўважыў, што нямецкі Сінадальны шлях з самага пачатку ішоў у кірунку, адрозным ад агульнага Сінадальнага працэсу, абвешчанага Папам. У Германіі казалі пра падзел улады ў Касцёле. Аднак Касцёл – гэта не ўлада, а служэнне.
"Калі служэнне ператворыцца ва ўладу, узнікне праблема. Правільнае пытанне не ў тым, як падзяліць уладу, а ў тым, што зрабіць, каб вярнуцца да паслуг і служэння", - сказаў арцыбіскуп Люксембурга.
Іерарх таксама абвінаваціў нямецкую ініцыятыву ў тым, што яна недастаткова ўлічвае агульны Сінадальны працэс Паўсюднага Касцёла. "Мы павінны ісці разам як Каталіцкі Касцёл і не казаць: "Мы зробім па-свойму, а потым паглядзім, што зробіце вы!", - сцвердзіў ён.
У кантэксце XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая пачнецца ў Рыме ў кастрычніку, кардынал Олерыш заявіў, што гаворка пойдзе не пра гомасексуалізм і пасвячэнне жанчын, а пра супольнасць, удзел і місію. "Гэта тэма Сінода, і гэтага дастаткова", - заявіў іерарх, якога Францішак прызначыў генеральным рэлятарам на Асамблеі. На гэтай пасадзе ён будзе каардынаваць яе тэмы.
У рамках нямецкага Сінадальнага шляху, платформы для дыялогу ў мэтах рэформы, біскупы і прадстаўнікі свецкіх абмеркавалі ў перыяд з 2019 па 2023 год будучыню Касцёла ў сваёй краіне. Адпраўным пунктам стаў даўні крызіс Касцёла ў Германіі. Былі вызначаны чатыры асноўныя напрамкі дэбатаў: сексуальная мараль, формы жыцця святароў, улада і яе размеркаванне, а таксама роля жанчын у Касцёле. Для кожнай з гэтых тэм была створана рабочая група, у якую ўвайшлі ўдзельнікі і эксперты.