Пошук

Джон Данлап – новы Вялікі магістр Мальтыйскага ордэна Джон Данлап – новы Вялікі магістр Мальтыйскага ордэна  (ANSA)

Джон Данлап – новы Вялікі магістр Мальтыйскага ордэна

Джона Данлапа, юрыста, які нарадзіўся ў Атаве, абралі 81-м Вялікім магістрам Мальтыйскага ордэна. Ён застанецца на пасадзе як мінімум бліжэйшыя 10-гадоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Вялікая дзяржаўная рада абрала канадца кіраўніком свайго Ордэна 3 мая 2023 года вечарам у Рыме. Перад абвяшчэннем Папа Францішак быў пісьмова праінфармаваны аб выніках выбараў. Новы Вялікі магістр прынёс прысягу ў прысутнасці папскага спецыяльнага прадстаўніка, кардынала Сільвана Тамазі ў храме прыярата Мальтыйскага ордэна на Авентынскім узгорку ў Рыме.

66-гадовы Данлап раней займаў пасаду лейтэнанта Вялікага магістра і часова ўзначальваў Ордэн. Апошні Вялікі магістр Джакама Дала Торэ пайшоў з жыцця ў сярэдзіне 2020 года.

Юрыст, які нарадзіўся ў Атаве, уступіў у Мальтыйскі ордэн у 1996 годзе. Ён з'яўляецца членам Суверэннай рады з 2009 года і юрыдычным дарадцам Місіі пастаяннага прадстаўніка Святога Пасада пры ААН з 1997 года.

У выбарах прынялі ўдзел 99 чальцоў Мальтыйскага ордэна з 18 краін.

З абраннем Данлапа кіраўніцтва Мальтыйскага ордэна зноў стала поўным. Ужо ў студзені на пазачарговым генеральным капітуле былі абраны Вялікі канцлер Рыкарда Патэрна дзі Мантэкупа і іншыя члены Суверэннай рады, у якой старшынствуе Вялікі магістр. Разам яны ўтвараюць урад Ордэна.

У верасні мінулага года Папа распусціў тагачасны кіруючы орган Мальтыйцаў і стварыў часовую раду. Францішак пакінуў на пасадзе лейтэнанта Джона Данлапа і свайго спецыяльнага прадстаўніка ў Мальтыйскім ордэне, кардынала Тамазі. Святы Айцец таксама зацвердзіў новую канстытуцыю і новы кодэкс для Ордэна.
 

04 мая 2023, 12:49