Джон Данлап – новы Вялікі магістр Мальтыйскага ордэна
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Вялікая дзяржаўная рада абрала канадца кіраўніком свайго Ордэна 3 мая 2023 года вечарам у Рыме. Перад абвяшчэннем Папа Францішак быў пісьмова праінфармаваны аб выніках выбараў. Новы Вялікі магістр прынёс прысягу ў прысутнасці папскага спецыяльнага прадстаўніка, кардынала Сільвана Тамазі ў храме прыярата Мальтыйскага ордэна на Авентынскім узгорку ў Рыме.
66-гадовы Данлап раней займаў пасаду лейтэнанта Вялікага магістра і часова ўзначальваў Ордэн. Апошні Вялікі магістр Джакама Дала Торэ пайшоў з жыцця ў сярэдзіне 2020 года.
Юрыст, які нарадзіўся ў Атаве, уступіў у Мальтыйскі ордэн у 1996 годзе. Ён з'яўляецца членам Суверэннай рады з 2009 года і юрыдычным дарадцам Місіі пастаяннага прадстаўніка Святога Пасада пры ААН з 1997 года.
У выбарах прынялі ўдзел 99 чальцоў Мальтыйскага ордэна з 18 краін.
З абраннем Данлапа кіраўніцтва Мальтыйскага ордэна зноў стала поўным. Ужо ў студзені на пазачарговым генеральным капітуле былі абраны Вялікі канцлер Рыкарда Патэрна дзі Мантэкупа і іншыя члены Суверэннай рады, у якой старшынствуе Вялікі магістр. Разам яны ўтвараюць урад Ордэна.
У верасні мінулага года Папа распусціў тагачасны кіруючы орган Мальтыйцаў і стварыў часовую раду. Францішак пакінуў на пасадзе лейтэнанта Джона Данлапа і свайго спецыяльнага прадстаўніка ў Мальтыйскім ордэне, кардынала Тамазі. Святы Айцец таксама зацвердзіў новую канстытуцыю і новы кодэкс для Ордэна.