Касцёл моліцца за кастрычніцкую сінадальную асамблею
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Падтрымаць духоўна падрыхтоўку да кастрычніцкага сінадальнага сходу заклікаў Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў, а 28 мая з адпаведным заклікам звярнуўся таксама Святы Айцец. “Папросім Панну Марыю, каб яна сваёй мацярынскай апекай суправаджала гэты важны сінадальны этап”, - казаў Францішак падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі на ватыканскай плошчы святога Пятра.
Спецыяльныя цэлебрацыі, набажэнствы і малітоўныя сустрэчы праходзяць у дыяцэзіях Еўропы, Афрыкі, Азіі, Амерыкі і Акіяніі. Для арганізацыі гэтых ініцыятыў Генеральны сакратарыят Сінода падрыхтаваў спецыяльныя дапаможнікі, даступныя на яго сайце.
Ружанцовая малітва за Сінод пройдзе таксама ў марыйных санктуарыях у розных частках планеты, напрыклад у партугальскай Фаціме, польскай Чэнстахове, ірландскім Ноку, мальтыйскім Та-Піну, мексіканскай Канкуне. На Філіпінах малітоўныя чуванні праходзяць у 26-ці марыйных санктуарыях і меншых базыліках.
Першая сесія XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў пройдзе 4-29 кастрычніка 2023 года ў Ватыкане на тэму: На карысць Касцёла сінадальнага – камунія, удзел і місія.