Мае гады з Янам Паўлам - кніга Хаакіна Навара-Вальса Мае гады з Янам Паўлам - кніга Хаакіна Навара-Вальса 

Мае гады з Янам Паўлам ІІ: нататкі шматгадовага прэс-сакратара

Гэта кніга – не толькі ўнікальны погляд за кулісы штодзённага жыцця Яна Паўла ІІ, але і асабістае сведчанне яго святасці, - так Алесандра Джызоці ахарактарызаваў нататкі шматгадовага кіраўніка Залы Друку Хаакіна Навара-Вальса.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Мадрыдзе прайшла дыскусія на тэму кнігі пад назвай Мае гады з Янам Паўлам ІІ.

Журналіст, які асабіста ведаў Навара-Вальса і шмат разоў браў у яго інтэрв’ю для Ватыканскага радыё, падкрэсліў, што запісы былога прэс-сакратара шматгранныя. На фоне пантыфікату Яна Паўла II яны раскрываюць многія праблемы чалавецтва, якія так хвалявалі Святога Айца, але перш за ўсё дакументуюць сведчанне святасці яго жыцця, адметнай рысай якога быў поўны давер да Бога ва ўсім.

“Пра Караля Вайтылу, Яна Паўла ІІ і яго пантыфікат, здавалася б, ужо ўсё напісана і сказана. Гэта быў доўгі пантыфікат, які змяніў гісторыю; ён шмат у чым ужо расказаны, прачытаны і вывучаны. Аднак гэта шырокая 600-старонкавая кніга з’яўляецца нечым асаблівым, таму што Навара-Вальс, які больш за 20 гадоў быў прэс-сакратаром Яна Паўла ІІ, апісвае яго нам, я б сказаў, за кадрам, невядомым раней чынам”, - сказаў Джызоці.

Ён адзначыў, што “вельмі асабістай гісторыі вынікае сведчанне аб святасці Караля Вайтылы”. “Гэта асабліва прасочваецца па запісах доўгага перыяду яго хваробы, калі ён цалкам даверыў сябе Богу. Той, каго называлі божым атлетам, які столькі вандраваў па свеце, які паказаў не толькі сваю фізічную, але і духоўную сілу, па меры развіцця хваробы страціў здольнасць рухацца, і нават гаварыць, і ўсё ж заставаўся моцна ўкаранёным у Богу. Ён аддаўся Яму цалкам, з перакананнем, што прыме ўсё, прызначанае яму Богам, нават пакуты”, - адзначыў ватыканскі журналіст.

Ён прызнаўся, што асабіста яго ўразіла тое, як Навара-Вальс апісвае свой уласны боль, свае пакуты, якія ён перажываў, суправаджаючы хворага Папу да апошніх хвілін. З тэксту становіцца ясна, што ў іх былі повязі бацькі і сына. Менавіта гэта робіць кнігу ўнікальнай", - падкрэсліў Джызоці.
 

26 мая 2023, 11:21