Маці Божая Уолсінгемская - апякунка Ардынарыяту для былых англікан Маці Божая Уолсінгемская - апякунка Ардынарыяту для былых англікан 

Ардынарыят для былых англікан пра недахопы экуменізму ветлівасці

Нават спецыялісты па экуменізму да канца не ўсведамляюць, якой лёсавызначальнай падзеяй стала стварэнне Бэнэдыктам XVI Ардынарыяту для былых англікан, - лічыць ксёндз Кіт Ньютан, першы яго настаяцель.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святар нагадаў, што амаль 14 гадоў таму Касцёл упершыню адчыніў свае дзверы для традыцыі, якая сфарміравалася ў эпоху Рэфармацыі. "Гэта адзіны выпадак рэалізаванага ў заходнім хрысціянстве экуменізму", - заўважыў былы англіканскі біскуп.

Ён прызнаў, што некаторыя да гэтага часу лічаць яго вернікаў няпоўнымі католікамі, напалову англіканамі. Некаторыя англікане, асабліва пракаталіцкія, таксама настроены скептычна. Сапраўды, існаванне Ардынарыяту нагадвае ім пра рашэнне, якое яны павінны былі прыняць.

Ксёндз Ньютан прызнаўся, што ён ніколі не шкадаваў аб сваім пераходзе ў каталіцтва, ні на хвіліну, хоць Каталіцкі Касцёл часам бударажыць яго эмоцыі. Але гэта, настойвае ён, Касцёл, заснаваны Езусам. Доказам гэтага з'яўляецца адкрытасць каталіцызму да розных традыцый.

Аднак святар скептычна ставіцца да будучыні экуменічных адносін з Англіканскай супольнасцю. Як можна размаўляць з Царквой, у якой многія лічаць, што сужэнства можа быць паміж двума мужчынамі? Гэта цалкам супярэчыць каталіцкаму разуменню стварэння і сакрамэнту сужэнства.

На яго думку, сёння існуе экуменізм ветлівасці. “Мы застаемся мілымі і ветлівымі адзін з адным, але ў мяне няма ўпэўненасці, што гэта шлях наперад, і гэта не тое адзінства, пра якое прасіў Езус”, - лічыць Ньютан.

Кіраўнік Ардынарыяту для былых англікан прызнаў, што яго вернікі таксама адрозніваюцца больш скептычным стаўленнем да сінадальнасці, таму што яны ўжо сутыкаліся з гэтым раней. Рэальнасць такая, што некаторыя людзі маюць свае ўласныя планы, кажуць гучней за іншых і дамагаюцца ўсяго, чаго хацелі. Мы бачым, што такое адбываецца і ў Каталіцкім Касцёле, нягледзячы на заяву Святога Айца ў пачатку працэсу, што справа не ў дактрыне. Меншасць перамагае, бо астатнія не ўмешваюцца. Іх патрабаванні прымаюцца. Кажуць, людзям усё роўна, але большасць католікаў так не думаюць", - сказаў ксёндз Кейт Ньютан у інтэрв'ю парталу National Catholic Reporter.
 

05 мая 2023, 12:08