СДМ у Лісабоне папярэднічаюць духоўныя і сацыяльныя акцыі
Ян Глінскі
Паводле інфармацыі арганізацыйнага камітэта СДМ, у парафіях партугальскай сталіцы рэалізуецца ўсё больш сацыяльных кампаній. Сярод іх – дабрачынныя акцыі па збору ежы і адзення для бедных.
У межах духоўнай падрыхтоўкі да моладзевага форуму ў маі было абвешчана аб правядзенні няспыннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў лісабонскай парафіі Маці Божай Святла. Як паведаміў ксёндз Патрысіа Хілмэн з таварыства Місіянераў Святой Эўхарыстыі, па натхненні якога распачалася гэтая ініцыятыва, штодзённае 24-гадзіннае чуванне будзе праводзіцца і пасля Сусветных дзён моладзі.
“Мы жывём у вельмі дынамічны час, калі сацыяльным справам, якія распачынаюць людзі Касцёла, павінна спадарожнічаць малітва, у тым ліку такая глыбокая, асабістая размова з Богам, утоеным у постаці кансэкраванай гостыі”, – адзначыў лісабонскі душпастыр, нагадаўшы, што падобныя ініцыятывы рэалізуюцца і ў іншых месцах партугальскай сталіцы.