11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Будславе сабраліся прадстаўнікі касцёльных рухаў з усёй Беларусі разам з біскупам Юрыем Касабуцкім. 6 мая 2023 года ў Нацыянальным санктуарыі праходзіць чарговая сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза. Разам з удзельнікамі розных касцёльных рухаў моліцца Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Асаблiвасць майскай сустрэчы – iнтэрактыўная праграма для дзяцей, якую супольна падрыхтавалі рухі Сужэнскiя сустрэчы i Equipes Notre-Dame.

Аб новых пакліканнях маліліся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. На малітву і адарацыю 4 мая 2023 года ў межах Тыдня малітваў аб пакліканнях да служэння ў Касцёле семінарысты запрасілі ўсіх ахвотных – моладзь, свецкіх і кансэкраваных асоб. Таксама на адарацыі семінарысты дзякавалі Пану Богу за тых, хто іх падтрымлівае духоўным і матэрыяльным чынам.

Экспазіцыя найбольш шанаваных у Беларусі марыйных абразоў папоўнілася копіяй іконы Маці Божай Чанстахоўскай. 1-3 мая 2023 года экспазіцыя "пілігрымавала" ў знакаміты польскі санктуарый на Яснай Гары. Там падчас урачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Польшчы старшыня мясцовай біскупскай Канферэнцыі арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі благаславіў копію Чанстахоўскага абраза, які таксама шануецца ў Беларусі. Гэта адбылося пры ўдзеле хору Голас душы мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены. Цяпер перэгрынацыю па гарадах Беларусі будзе працягваць экспазіцыя з 15 абразоў. У такім складзе пілігрымка хутка накіруецца ў Асіповічы.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Смаргоні. 30 красавіка 2023 года Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўдзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці 53 вернікам парафіі святога Міхала Арханёла. У гаміліі іерарх растлумачыў кандыдатам да канфірмацыі, чым з’яўляецца гэты сакрамэнт, падкрэсліў важнасць і асаблівую ролю Духа Святога ў жыцці Касцёла і кожнага католіка.

У Віцебскім абласным клінічным шпіталі адноўлена праца каталіцкай капліцы. Яе апякуе катэдральная парафія Езуса Міласэрнага. Святую Імшу ў шпітальнай капліцы будуць цэлебраваць кожную трэцюю сераду месяца, пачынаючы з 17 мая. Па просьбе пацыентаў і індывідуальнай дамоўленасці са святаром Імша можа быць адпраўлена ў іншы дзень.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

06 мая 2023, 10:54