Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Санктуарый у Лагішыне сабраў пілігрымаў з Пінскай дыяцэзіі. Каля паўтары сотні паломнікаў 8 мая 2023 года прыйшлі пешшу да Маці Божай Лагішынскай з Пінска. Сёлетняя пілігрымка была прымеркавана асабліва да 110-годдзя асвячэння касцёла-санктуарыя. Цэлебрацыю святой Імшы на завяршэнне пілігрымкі ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім літургію цэлебраваў Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары з парафій дыяцэзіі.
Стартавалі рэгістрацыі на пілігрымкі ў Будслаў. Аб пачатку запісу ўдзельнікаў пешага паломніцтва ў Нацыянальны санктуарый ужо паведамілі арганізатары пілігрымкі Мінск – Будслаў – гэта парафія святога Сымона і святой Алены і супольнасць Легіён Марыі, а таксама – паломніцтва Гудагай – Будслаў. Абедзве пілігрымкі выйдуць у шлях 25 чэрвеня. Урачыстасці ў гонар 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай запланаваны на 30 чэрвеня – 1 ліпеня з удзелам арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці.
Дзень маці адзначылі з удзелам біскупа Гродзенскага ў санктуарыі ў Тракелях. Мамы з розных куткоў рэгіёна сабраліся 7 мая 2023 года ў санктуарыі Каралевы нашых сем’яў, каб у малітвах падзякаваць Багародзіцы за дар мацярынства. Кульмінацыяй свята стала Эўхарыстыя, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На заканчэнне Імшы ён падкрэсліў, што мэта гэтага свята – "падтрымаць традыцыі клопату пра жанчын, умацаваць сямейныя асновы, захаваць гарманічныя сямейныя адносіны, падрыхтаваць моладзь да сямейнага жыцця".
У Клюшчанах ушанавалі памяць ксяндза Канстанціна Стаповіча, святара і паэта. 6 мая 2023 года ў мясцовай парафіі адбылося ўрачыстае набажэнства ў гадавіну смерці святара, які служыў тут у пачатку ХХ стагоддзя, вядомага таксама як паэт Казімір Сваяк. У гаміліі айцец Аркадзь Куляха, грунтуючыся на філасофскім дзённіку ксяндза Канстанціна Стаповіча, засяродзіў увагу на ягоных пошуках дарогі да Бога. Пасля Імшы прагучалі вершы Казіміра Сваяка пра Беларусь і Божы Провід над ёю.
Святая Імша падзякі за 11 год школьнага жыцця прайшла ў Глыбокім. 6 мая 2023 года выпускнікі разам з настаўнікамі, бацькамі, дзякавалі Богу за час навучання, за ўсіх, хто дапамагаў узрастаць духоўна і інтэлектуальна, прасілі Святога Духа аб дапамозе на далейшым шляху. Імшу ў інтэнцыі выпускнікоў цэлебраваў ксёндз Мікалай Ціхановіч, які пажадаў выпускнікам, "каб не загубілі свайго сэрца, душы ў мітуслівым і шалёным рытме гэтага свету, заўсёды памяталі, што кожны з нас – Божае дзіця".
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.