Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Рыме прайшоў хрысціянска-індуісцкі форум

Каля пяцідзесяці пяці ўдзельнікаў, якія прадстаўляюць хрысціянскія і індуісцкія рэлігійныя традыцыі ў Еўропе, сабраліся 2 мая 2023 года ў Рыме.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча, першая ў сваім родзе, прайшла на тэму: Індуісты і хрысціяне ў Еўропе – будаваць разам новы гуманізм, заснаваны на братэрстве. Яе арганізавала Дыкастэрыя па міжрэлігійным дыялогу ў супрацоўніцтве з Індуісцкім форумам Еўропы, Італьянскім індуісцкім саюзам і Сусветнай радай Цэркваў.

Удзельнікі разважалі аб зменлівай дынаміцы індуісцка-хрысціянскіх адносін на кантыненце і працавалі над вызначэннем спосабаў пашырэння супрацоўніцтва па пытаннях, якія спрыялі б росквіту чалавецтва праз міжрэлігійны дыялог, салідарнасць і гасціннасць.

Было прызнана, што індуісцкая канцэпцыя Васудхайва Кутумбакам (увесь свет – адна сям’я) і энцыкліка Францішка Fratelli Tutti служаць компасам, які вядзе індуістаў і хрысціян да новага гуманізму ва ўсё больш і больш шматкультурнай і шматрэлігійнай Еўропе.

3 мая 2023 года ўдзельнікі мелі магчымасць прыняць удзел у агульнай аўдыенцыі са Святым Айцом.
 

03 мая 2023, 13:07