Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

ЗША: першы з 1941 года Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс

Чатыры эўхарыстычныя працэсіі пройдуць па тэрыторыі ЗША з нагоды 10-га Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса, які пройдзе з 17 па 21 ліпеня 2024 года ў Індыянапалісе, у штаце Індыяна.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта будзе самая вялікая “Эўхарыстычная пілігрымка ў гісторыі”, паведамілі арганізатары. Працэсіі пачнуцца 19 мая 2024 года ў асноўных пунктах ЗША: ля вытоку ракі Місісіпі на возеры Ітаска, у штаце Мінесота – на поўначы, у Нью-Хейвене, у штаце Канэктыкут – на ўсходзе, у Браўнсвіле, у штаце Тэхас – на поўдні, і ў Сан-Францыска, у Каліфорніі – на захадзе. Гэтыя працэсіі-пілігрымкі будуць перасякаць краіну на працягу двух месяцаў, каб дабрацца да месца правядзення Кангрэса ў Індыянапалісе.

Самую доўгую дарогу – больш за 3500 кіламетраў – пройдуць пілігрымы, якія выправяцца з Каліфорніі, самая кароткая адлегласць складзе каля 1500 кіламетраў. Працэсіі будуць насіць самы ўрачысты характар. Праз населеныя пункты Найсвяцейшы Сакрамэнт пранясуць пад балдахінам. Часам Найсвяцейшы Сакрамэнт правязуць у белых электрамабілях. Яны будуць выкарыстоўвацца ў непагадзь, а таксама на цяжкіх для пешаходаў участках, напрыклад, у пустыні. Пешаходная і аўтамабільная часткі будуць арганізаваны так, каб удзельнікі чатырох працэсій дасягнулі Індыянапаліса адначасова.

Папярэдні 9-ы Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у ЗША прайшоў у 1941 годзе у Сэнт-Поле, у штаце Мінесота. У 1976 годзе Філадэльфія прымала 41-ы Міжнародны эўхарыстычны кангрэс.
 

17 мая 2023, 11:29