Кардынал Дзупі: мірная місія ва Украіне ад імя Езуса
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Балонскі і старшыня італьянскага епіскапату казаў выключна аб асноўнай тэалагічнай ідэі гэтай місіі, не засяроджваючыся на ніякіх канкрэтных кроках.
Ён сказаў, што гэта мадэль і мандат Езуса для Касцёла – суправаджаць усіх, "хто адчувае ў сабе крыўду, агрэсію і горыч, адсутнасць надзеі". У гэтым кантэксце іерарх нагадаў пра "пакуты, якія ляжаць на душы ўкраінскага народа, што прагне міру, і ўсіх, хто аплаквае людзей, якія не вярнуліся дадому, бо іх паглынула братазабойчая машына вайны".
“Пан падахвочвае нас адправіцца ў шлях, каб зноў сагрэць патухлыя сэрцы і абудзіць у іх новую любоў і новую надзею”, - сказаў кардынал.
20 мая 2023 года прэс-сакратар Канферэнцыі біскупаў Італіі паведаміў, што Дзупі пакуль не будзе даваць ніякай інфармацыі аб змесце магчымай мірнай місіі, улічваючы яе асабліва далікатны характар.
67-гадовы іерарх з’яўляецца арцыбіскупам Балонні з 2015 года, год таму быў абраны старшынёй італьянскага епіскапату. Ён цесна звязаны з Супольнасцю святога Эгідзія, якая неаднаразова выступала ў якасці далікатнага пасрэдніка ў вырашэнні міжнародных канфліктаў.