Кардынал Дзупі сфармуляваў мэты мірнай місіі ва Украіне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У кулуарах прэс-канферэнцыі, на якой падводзіліся вынікі 77-й Пленарнай асамблеі Канферэнцыі біскупаў Італіі, яе старшыня, адказваючы на пытанні журналістаў, прызнаўся, што рыхтуецца да місіі, каб прынесці "блізкасць" Касцёла і "змякчыць наступствы жудаснай сітуацыі, максімальна дапамагаючы ўсяму, што будзе спрыяць дыялогу, усяму, што дазволіць не рэагаваць на вайну пасіўна".
Арцыбіскуп Балонскі адзначыў, што місія, якой хоча Папа Францішак, – прадэманстраваць прысутнасць Касцёла. "У гэтым яе сапраўдны змест. Мы не можам заставацца сведкамі вайны, не будучы блізкімі да ахвяр", - падкрэсліў ён.
Іерарх не даў адказу на пытанне, ці мэтай яго падарожжа стануць і Кіеў, і Масква. Ён дадаў, што адчувае цяжар місіі, ускладзенай на яго Пантыфікам, але таксама і падтрымку вельмі многіх людзей, якія пакутуюць ад канфлікту такога маштабу.