Пошук

Папа Павел VI Папа Павел VI 

60 гадоў таму Пантыфікам быў абраны Павел VI

21 чэрвеня 1963 года на пасад Наступніка святога Пятра быў абраны італьянскі іерарх, тагачасны арцыбіскуп Міланскі, кардынал Джавані Батыста Манціні, які абраў сабе імя Павел VI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Новаабраны Пантыфік змяніў на пасадзе Біскупа Рыма Яна XXIII, памерлага 3 чэрвеня 1963 года. У гэты час праходзіў Другі Ватыканскі Сабор, які спачылы Папа склікаў з намерам адкрыць Касцёл на свет.

Ініцыятыва саборнага сходу не падзялялася ўсімі. Сярод іерархаў былі тыя, хто хацеў вярнуцца да ранейшага стану, але большасць кардыналаў вырашыла працягваць імкненне да перамен і абнаўлення. Весці човен Касцёла ў гэты перыяд яны, пад кіраўніцтвам Святога Духа, даручылі кардыналу Манціні.

66-гадовы італьянскі іерарх быў абраны ў выніку пятага тура галасавання. Гэта быў апошні канклаў, на якім акрамя кардыналаў-выбаршчыкаў у Сікстынскай капэле маглі прысутнічаць таксама іх сакратары. Ён быў абраны як чалавек адкрыты на свет, уважлівы да сацыяльных праблем, добры знаўца Рымскай курыі, пажаваны на міжнароднай арэне і асабліва ў Касцёле, святар і апостал.

Пантыфікат Паўла VI працягваўся 15 гадоў. Пантыфік завяршыў Другі Ватыканскі Сабор і падпісаў галоўныя дакументы, якія былі прыняты ўдзельнікамі гэтага важнага агульнакасцёльнага сходу. Ён быў вялікім рэфарматарам Касцёла, літургіі і Рымскай курыі, абаронцам чалавечага жыцця, прыхільнікам збліжэння хрысціян розных канфесій і першым за многія стагоддзі Пантыфікам, які адправіўся за межы Італіі, паклаўшы такім чынам традыцыю папскіх Апостальскіх падарожжаў. Павел VI памёр 6 жніўня 1978 года. У 2014 годзе ён быў абвешчаны благаслаўлёным, а ў 2018 годзе – святым.
 

21 чэрвеня 2023, 12:44