Біскупы Мексікі завяршылі візіт у Ватыкан сустрэчай з Папам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Біскупы назвалі галоўным выклікам будаванне міру. Яны таксама распавялі пра падрыхтоўку да 500-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Гвадэлупе, у сувязі з чым мясцовы Касцёл праводзіць 9-гадовую навэну.
“Папа прыняў нас з радасцю і надзеяй, напоўніўшы нас адвагай”, - падзяліўся з Vatican News біскуп Рамон Кастра, сакратар Канферэнцыі Біскупаў Мексікі. Ён заўважыў, што падчас аўдыенцыі ў Францішка абмяркоўваўся шырокі спектр пытанняў, у тым ліку дапамога мігрантам і праца з моладдзю.
“Адзін з біскупаў сказаў Святому Айцу, што як душпастыры мы асаблівым чынам хочам адказаць на далікатную сітуацыю насілля ў Мексіцы. Наш глабальны душпастырскі праект, які рыхтуе нас да Юбілею адкуплення 2033 года і 500-годдзя аб’яўленняў, мы распрацавалі ў першую чаргу на тэме будавання міру”, - сказаў іерарх.
Біскуп Рамон Кастра заўважыў, што касцёльныя ініцыятывы з мэтай прасоўвання культуры міру ў Мексіцы рэалізуюцца з супрацоўніцтве з Таварыствам Езуса. Сярод іх плануецца правядзенне агульнанацыянальнага кангрэсу, прысвечанага гэтай тэме.
Іерарх згадаў пра забойства 20 чэрвеня 2022 года ў Мексіцы двух езуітаў: ксяндзоў Хаўера Кампаса Маралеса і Хаакіна Сезара Мора Салазара, застрэленых членам адной з мясцовых банд, які шукаў ратунку ў касцёле. У памяць пра святароў ва ўсіх парафіях краіны білі званы і прайшлі святыя Імшы: у іх бралі ўдзел сваякі шматлікіх ахвяр насілля, што стала знакам блізкасці Касцёла да тысяч людзей, якія пакутуюць ад гвалту.