Ліван: сустрэча каталіцка-праваслаўнай рабочай групы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дэбаты праходзілі на тэму: У пошуках еднасці - перачытванне Баламандскага дакумента праз 30 гадоў.
Сустрэча адбылася па запрашэнні Патрыярха Антыёхіі Іаана Х (Язіджы), які быў праваслаўным сустаршынёй Групы ў 2008-12 гадах. Ён таксама прывітаў удзельнікаў мерапрыемства, падкрэсліўшы важнасць супрацоўніцтва паміж дзвюма Цэрквамі, якое ажыццяўлялася 30 гадоў таму ў тым жа месцы, і звярнуў увагу на складаную сітуацыю хрысціян на Блізкім Усходзе.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі і ацанілі гісторыю спроб вырашэння расколу паміж католікамі і праваслаўнымі, што прывяло да распрацоўкі згаданага дакумента і яго прыняцця.
Дакумент пад назвай Уніянізм (або ўніятызм) як старажытны метад пошуку еднасці і сённяшні пошук поўнай камуніі быў апублікаваны ў Баламандзе напрыканцы 7-й сесіі Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Рыма-каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі, якая праходзіла там з 17 па 24 чэрвеня 1993 года.
Змешаная рабочая група імя святога Ірынея Ліёнскага была створана на сустрэчы каталіцкіх і праваслаўных тэолагаў у Падэрборне 23-27 чэрвеня 2004 года па ініцыятыве Інстытута экуменізму імя Ёгана Адама Мёлера ў Германіі і групы каталіцкіх экспертаў па Усходніх Касцёлах з Германіі, Аўстрыі, Бельгіі і Нідэрландаў. У цяперашні час у яе склад уваходзяць па 13 каталіцкіх і праваслаўных тэолагаў з розных мясцовых Касцёлаў Еўропы, Амерыкі і Блізкага Усходу.
Члены Рабочай групы не з'яўляюцца афіцыйнымі прадстаўнікамі (дэлегатамі) сваіх Цэркваў, а выбіраюцца ў адпаведнасці з іх тэалагічнай кампетэнцыяй, прычым новыя людзі ўключаюцца ў склад у выніку галасавання ўсіх членаў групы. Такім чынам, гэта не афіцыйны камітэт дыялогу, а хутчэй неафіцыйная дыскусійная група, якая збіраецца для развіцця такога дыялогу на міжнародным узроўні.