На СДМ у Лісабон збіраецца моладзь са 184 краін свету
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Найбольшую колькасць юнакоў і дзяўчат, якія ўжо пацвердзілі свой удзел у форуме, складаюць іспанцы. За імі ідуць італьянцы, партугальцы, французы, палякі і амерыканцы. Арганізатары Сусветных дзён моладзі паінфармавалі, што больш за 20 тысяч з зарэгістраваных удзельнікаў складаюць валанцёры, у тым ліку медыцынскія работнікі.
У агульнай колькасці на форум у сталіцу Партугаліі чакаецца прыезд каля мільёна маладых людзей. На сённяшні дзень запісаліся каля 600 тысяч юнакоў і дзяўчат.
Фонд СДМ пацвердзіў, што ў рамках найбуйнейшай у свеце каталіцкай моладзевай сустрэчы ў муніцыпалітэтах Лісабона і Лурэша адбудзецца 201 мерапрыемства, арганізаванае людзьмі з 55 краін. Гэтыя падзеі пройдуць у форме канцэртаў, танцавальных і тэатральных паказаў, выстаў і канферэнцый, а таксама кінасеансаў і спартыўных спаборніцтваў. Яны будуць праводзіцца ў 90 месцах лісабонскай агламерацыі.