Новы арцыбіскуп Мадрыда раскрытыкаваў палярызацыю ў Касцёле
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пра гэта іерарх, аб прызначэнні якога на новую пасаду было абвешчана ў Ватыкане 12 чэрвеня 2023 года, сказаў падчас выступу ў Вышэйшым душпастырскім інстытуце ў сталіцы Іспаніі ў пачатку чэрвеня.
“Палярызацыя ў Касцёле разыходзіцца з Евангеллем, таму што выключае погляд на іншых, і мы ставім сябе на месца Бога, выступаем уладальнікамі дрэва дабра і зла. (...) Палярызацыя шкодзіць нашым вернікам больш, чым мы думаем”, - сказаў ён яшчэ ў якасці дапаможнага біскупа Мадрыдскай архідыяцэзіі. Арцыбіскуп рэкамендаваў "пачаць пазнаваць твары нашых братоў і сясцёр; гэта вакцына, якую мы, хрысціяне, маем супраць палярызацыі".
Ён пагадзіўся з італьянскім кардыналам Матэа Дзупі, які сказаў, што сёння ў Касцёле “занадта мала ідэй і занадта шмат ідэалогій”. “Палярызацыя раз'ядноўвае людзей, гэта вельмі цяжка, бо яна падзяляе людзей, сцірае твары і ператварае іх у твіт або ворага, у якога я магу кідаць усё, што заўгодна. Вера, наадварот, заўсёды ставіць аблічча чалавека на першае месца”, - сказаў іспанскі іерарх.
Пасля свайго прызначэння на мадрыдскую кафедру арцыбіскуп у лісце да мясцовых вернікаў выказаў удзячнасць сваім папярэднікам і запэўніў іх у тым, што глядзіць у будучыню “з даверам”. “Таксама мяне хвалююць праблемы вернікаў і іх бліжніх па дыяцэзіі: самыя бедныя і слабыя атачаюць нас праз самога Езуса Хрыста”, - сказаў новапрызначаны арцыбіскуп сталіцы.
57-гадовы андалузец скончыў юрыдычны факультэт мадрыдскага ўніверсітэта Камплутэнсэ, пасля чаго ў 1988 годзе паступіў у духоўную семінарыю сталічнай архідыяцэзіі. У 2017 годзе стаў дапаможным біскупам.