Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Партугалія: падрыхтоўка СДМ дапамагае моладзі наладжваць сувязі

Партугальскія біскупы разлічваюць эфектыўнасць сеткі адносін, створанай падчас арганізацыі Сусветных дзён моладзі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatiacan News

Як адзначыў старшыня мясцовага епіскапату біскуп Хасэ Арнэлас, дзякуючы гэтаму зможа паўстаць больш сінадальны Касцёл, а моладзь апынецца ў цэнтры працэсу душпастырскага абнаўлення. Аб гэтым ішла размова падчас Душпастырскіх дзён епіскапату Партугаліі, на якіх сабраліся біскупы, святары і свецкія, што ўдзельнічаюць у арганізацыі глабальнага форуму.

На сустрэчы былі прадстаўлены даследаванні рэлігійнасці моладзі ў Партугаліі. Яны паказваюць, што больш за палову (56 працэнтаў) маладых людзей (ва ўзросце 14-30 гадоў) з'яўляюцца рэлігійнымі, з іх кожны другі – католік.

Адным з вынікаў абмеркавання стала рашэнне дазволіць большай колькасці людзей працаваць на поўны працоўны дзень у моладзевым душпастырстве. Гаворка ішла таксама аб арганізацыі адпаведнага навучання для тых, хто працуе з моладдзю, і для саміх маладых людзей, каб фарміраваць лідараў евангелізацыі.

Падчас сустрэчы было падкрэслена, што ў рамках арганізацыі Сусветных дзён маладыя людзі не толькі ўмацоўваюць адносіны паміж сабой, але і наладжваюць супрацоўніцтва з іншымі грамадскімі арганізацыямі або, напрыклад, з мясцовымі ўладамі. Гэты вопыт можа дапамагчы ім расправіць крылы ў будучыні.

Біскупы таксама адзначылі, што ў сінадальным духу яны жадаюць, каб сфера душпастырства была інтэграванай, у адрозненне ад цяперашняй мадэлі душпастырства, падзеленай на слаба звязаныя паміж сабой сегменты.
 

26 чэрвеня 2023, 11:19