Пошук

Прэзентацыя праграмы Апостальскага падарожжа ў Лісабон з нагоды СДМ-2023 Прэзентацыя праграмы Апостальскага падарожжа ў Лісабон з нагоды СДМ-2023 

Патрыярх Лісабона: СДМ стануць падзеяй, якая адзначыць пакаленне

У Лісабоне прайшла прэзентацыя праграмы Апостальскага падарожжа Францішка ў Партугалію з нагоды Сусветных дзён моладзі – 2023.

Сусветныя дні моладзі стануць "унікальнай магчымасцю для гасціннага прыёму і дэманстрацыі Лісабона і Партугаліі ўсяму свету”, - заявіў патрыярх Лісабона, кардынал Мануэл Клементы, на прэс-канферэнцыі, прысвечанай папскаму падарожжу ў партугальскую сталіцу, якое адбудзецца з 2 па 6 жніўня 2023 года.

"Мы не можам прапусціць гэтую магчымасць", - зазначыў іерарх, дадаючы, што, пачынаючы з 2017 года, калі горад выставіў сваю кандыдатуру на правядзенне мерапрыемства, у яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі "дзясяткі тысяч чалавек". На думку іерарха, гэта будзе падзея, якая адзначыць цэлае пакаленне. Юнакі і дзяўчаты з усіх куткоў планеты стануць “галоўнымі героямі будучыні", пратаганістамі больш экуменічнага і братэрскага грамадства.

Мэр Лісабона Карлас Маэдас распавёў пра заканчэнне работ па падрыхтоўцы Парка Тэжу, дзе ўвечары 5 жніўня адбудзецца малітоўнае моладзевае чуванне з удзелам Францішка, а на наступную раніцу – святая Імша. Неўзабаве парк будзе прадстаўлены публіцы: 10 чэрвеня тут пройдзе Дзень адчыненых дзвярэй. Будаўніцтва алтара, ля якога адбудуцца заключныя ўрачыстасці, будзе завершана да 9 ліпеня. "Мы гатовыя. Лісабон стане сусветнай арэнай", - адзначыў мэр, дадаючы, што на форум збярэцца каля мільёна маладых людзей.

Дапаможны біскуп Лісабонскай архідыяцэзіі Амерыка Агіяр нагадаў, што 3 жніўня Францішак абмяркуе са студэнтамі Партугальскага каталіцкага ўніверсітэта такія тэмы, як інтэгральная экалогія, чалавечае братэрства, эканоміка Францішка і Глабальны адукацыйны пакт. 5 жніўня Пантыфік адправіцца ў марыйны санктуарый у Фаціме, а таксама сустрэнецца з бежанцамі і беднымі, палітычнымі ўладамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

08 чэрвеня 2023, 10:28