Лагатып Сусветных дзён моладзі – 2023 Лагатып Сусветных дзён моладзі – 2023 

СДМ у Лісабоне: трынаццаць заступнікаў для новага пакалення

Нябесных апекуноў Сусветных дзён моладзі – 2023 будзе трынаццаць. Усе яны сведкі таго, што жыццё з Хрыстом напаўняе і збаўляе моладзь ва ўсе часы.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У нябесныя апекуны Сусветных дзён моладзі заўсёды абіраюць тых, хто мае дачыненне да гэтай падзеі або да рэлігійнай і духоўнай спадчыны прымаючай краіны. Карацей кажучы, яны з'яўляюцца сцяганосцамі СДМ у вачах маладых пілігрымаў з усяго свету.

Як паведамляе Avvenire, калі ў 2016 годзе ў Кракаве іх было два, на СДМ-2019 у Панаме - восем, то ў 2023 годзе ў Лісабоне нябесных апекуноў моладзі будзе трынаццаць, а разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй – чатырнаццаць. “Усе яны сведкі таго, што жыццё з Хрыстом напаўняе і збаўляе моладзь ва ўсе часы, - адзначыў Патрыярх Лісабона, кардынал Мануэль Клементэ. - Галоўнай заступніцай СДМ з'яўляецца Дзева Марыя, якая вучыць моладзь паўсюды і заўсёды несці Езуса тым, хто яго чакае".

Яшчэ адзін галоўны заступнік – заснавальнік СДМ святы Ян Павел II. Акрамя таго, традыцыйным апекуном моладзевага сходу лічыцца святы Ян Боска, “айцец і настаўнік моладзі".

У спіс нябесных апекуноў СДМ-2023 уваходзяць таксама святы Вінцэнт, апекун партугальскай сталіцы, дыякан і пакутнік VI стагоддзя, а таксама святыя, якія абвяшчалі Хрыста ў Лісабоне: святы Антоній Падуанскі, святы Барталамэў Фэрнандэш, дамініканін і пакутнік, святы Жуан дэ Брыта, езуіт і місіянер у Індыі.

Нарэшце, нябеснымі заступнікамі моладзевага форума будуць таксама благаслаўлёныя: Жанна Партугальская, Жуан Фэрнандэш і Марыя Клара ад Дзіцятка Езуса, а таксама П'ер Джорджа Фрасаці, Марсэль Кало, К'яра Бадана і Карла Акуціс.

У штаб-кватэры аргкамітэта СДМ-2023 ёсць капліца, дзе валанцёры і супрацоўнікі сустракаюцца для сумеснай малітвы. Перад алтаром капліцы месцяцца рэліквіі амаль усіх нябесных заступнікаў. Такім чынам, піша Avvenire, яны фактычна ўжо суправаджаюць дзясяткі тысяч маладых людзей з усяго свету, якія збіраюцца ў Партугалію.

Сусветныя дні моладзі з удзелам Францішка пройдуць у Лісабоне з 1 па 6 жніўня 2023 года. Іх тэма: Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну (Лк 1, 39).

27 чэрвеня 2023, 11:15