Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Больш за сотню святароў і сясцёр законных сабраліся на сустрэчы ў Будславе. 1 чэрвеня 2023 года, у свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, у Нацыянальным санктуарыі маліліся святары і кансэкраваныя асобы, якія нясуць служэнне ў парафіях Мінскай і Магілёўскай вобласцяў. У пастырскай сустрэчы ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Копіі цудадзейных абразоў Маці Божай знаходзіліся з перэгрынацыяй у Радашковічах. 27 мая 2023 года вернікі мясцовай парафіі Найсвяцейшай Тройцы сустрэлі копіі найбольш шанаваных у Беларусі ікон Багародзіцы з Марыйных санктуарыяў. У радашковіцкім касцёле, дзе быў ахрышчаны народны пясняр Янка Купала, копіі абразоў прабылі да суботы.

Самы высокі над Беларуссю помнік усталявалі ў навагрудскай парафіі. Фігуру святога Міхала Арханёла 28 мая 2023 года ўсталявалі пры касцёле ў Наваградку на 7-метровай калоне. Гэты святы з'яўляецца сімвалам горада – ягоная выява змешчана на гербе. Наваградак знаходзіцца на вышыні 292 метры над узроўнем мора і лічыцца самым высокім горадам Беларусі. Гэта значыць, што фігура святога Міхала Арханёла стала той скульптурай, якая размешчана вышэй за ўсе астатнія помнікі ў краіне.

У Бараўлянах арцыбіскуп Юзаф Станеўскі перадаў парафію салезіянам пад пастаянную апеку і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі. 28 мая 2023 года стала гістарычнай датай для мясцовай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўдзяліў 22 вернікам сакрамэнт хрысціянскай сталасці і назаўжды перадаў парафію пад апеку салезіянскага таварыства.

У касцёлах Беларусі благаславілі выпускнікоў на паспяховую здачу іспытаў, паступленне і шлях у дарослае жыццё. У прыватнасці ў івянецкім касцёле Святога Міхала Арханёла 28 чэрвеня 2023 года падчас святой Імшы на заканчэнне навучальнага года малітва адбывалася пад цымбалы і баян – незвычайны ансамбль з такімі акампанеатарамі нядаўна стварылі ў Івянцы. Спевы выконвалі маленькія дзеці, якія таксама сабраліся на святой Імшы.

Байкеры распачалі мотасезон з малітвы ў браслаўскім санктуарыі. 28 мая 2023 года, у нядзелю Спаслання Святога Духа, каля 70 матацыклістаў прыбылі з розных куткоў Віцебскай вобласці і з Мінску да санктуарыя Маці Божай Валадаркі азёраў на адкрыццё мотасезона. Падчас сустрэчы адбыўся канцэрт, падрыхтаваны парафіяльнай моладдзю, бласлаўленне байкераў і асвячэнне матацыклаў. На святой Імшы ўдзельнікі маліліся аб бяспечных паездках.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

03 чэрвеня 2023, 09:18