Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Масавыя Эўхарыстычныя працэсіі прайшлі ў гарадах Беларусі. Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста 8 чэрвеня 2023 года вялікая колькасць вернікаў выйшла на вуліцы Гродна ды іншых населеных пунктаў дыяцэзіі. Раней, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Троіцы, Эўхарыстычныя працэсіі адбыліся ў Магілёве, Брэсце і Пінску. У нядзелю агульнагарадскія працэсіі запланаваны ў Мінску, Гомелі і Віцебску.

Апостальскі нунцый благаславіў фігуру святога Міхала Арханёла ў Навагрудку. Арцыбіскуп Антэ Ёзіч 3 чэрвеня 2023 года наведаў мясцовую парафію, дзе цэлебраваў святую Імшу разам з гродзенскім ардынарыем біскупам Аляксандрам Кашкевічам. У гаміліі прадстаўнік Папы Францішка падкрэсліў, што "Арханёл Міхал, наш заступнік, дапамагае нам зрабіць так, каб чалавек ніколі не замяняў Бога і не дазваляў ніякім ідалам заняць Яго месца". Пасля пасвячэння фігуры, нядаўна ўсталяванай на пляцоўцы перад касцёлам, удзельнікі свята прачыталі малітву аб заступніцтве Князя нябесных войскаў над Беларуссю.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў Радашковічы, дзе ўзначаліў парафіяльны адпуст. 4 чэрвеня 2023 года, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі цэлебраваў тут святую Імшу. Таксама іерарх павіншаваў мясцовага пробашча ксяндза каноніка Юрыя Быкава з 20-годдзем прэзбітэрскага пасвячэння.

З удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага ў санктуарыі ў Тракелях адбылося свята для дзяцей, якія сёлета прынялі Першую Камунію. Паўтысячы дзяцей з розных дэканатаў Гродзеншчыны сабраліся 3 чэрвеня 2023 года ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў. Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, падчас якой Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў форме дыялогу з дзецьмі разважаў аб таямніцы Эўхарыстыі.

Адпустовую ўрачыстасць Божага Цела ў мінскай парафіі ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 8 чэрвеня 2023 года ў касцёле, дзе душпастырскае служэнне нясуць айцы кармэліты босыя, ва ўрачыстасці ўдзельнічалі кармэліты з розных мясцін. У гаміліі заслужаны іерарх нагадаў, што яшчэ адносна нядаўна ў Мінску быў толькі адзін маленькі касцёл на Кальварыйскіх могілках, дзе цэлебравалася некалькі Імшаў. "Сёння ў сталіцы Беларусі ў нядзелю цэлебруецца каля 50-і Імшаў. Гэта вялікі дар Бога, які ў святой Камуніі яднаецца з намі", – адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

10 чэрвеня 2023, 09:14