Кардыналы Жан-Клод Олерыш і Марыё Грэк Кардыналы Жан-Клод Олерыш і Марыё Грэк 

Ватыкан: прэзентацыя Instrumentum laboris Сінода Біскупаў

20 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане адбудзецца прэзентацыя выніковага працоўнага дакумента для XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тэкст Instrumentum laboris з’яўляецца асновай для вырашальных кансультацый Сінода Біскупаў, якія пройдуць у Рыме ў дзве сесіі: у кастрычніку 2023 года і кастрычніку 2024 года. На іх будзе вырашацца пытанне, як Каталіцкі Касцёл будзе абмяркоўваць і прымаць рашэнні ў будучыні. Акрамя Папы і біскупаў, упершыню права голасу на такога роду сходах атрымалі свецкія асобы, у тым ліку жанчыны. Канчатковыя рашэнні па-ранейшаму прымаюцца выключна Пантыфікам.

На прэс-канферэнцыі ў бліжэйшы аўторак, акрамя самога дакумента, будзе патлумачана метадалогія працы асамблеі. На ёй выступяць тры кіраўнікі Сінода: кардынал Марыё Грэк у якасці генеральнага сакратара, генеральны рэлятар сінадальнай асамблеі, кардынал Жан-Клод Олерыш і езуіт Джакама Коста, які з’яўляецца каардынатарам групы па падрыхтоўцы Сінода.

Пра магчымае лакальнае выкарыстанне новага дакумента раскажуць іншыя госці. Сярод іх сястра Надзія Копа, старшыня Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц жаночых кангрэгацый (UISG), і Хелена Епесэн-Шпулер са швейцарскай арганізацыі дапамогі Fastenaktion, якая ў лютым была дэлегатам на еўрапейскай кантынентальнай асамблеі ў Празе ў рамках Сінода Біскупаў. Усяго ў лютым і сакавіку прайшло сем такіх кантынентальных сходаў. На кожным прынялі свой выніковы дакумент, а на аснове іх быў распрацаваны працоўны дакумент.

У рамках сусветнага працэсу, абвешчанага Папам Францішкам, Каталіцкі Касцёл ужо амаль два гады абмяркоўвае новыя шляхі самавызначэння і пераўтварэння сябе ў Касцёл Сінадальны.
 

15 чэрвеня 2023, 10:54