Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Будслаўскія ўрачыстасці прайшлі з удзелам папскага легата арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці. Спецыяльны пасланнік Францішка цэлебраваў цэнтральную святую Імшу ў Нацыянальным санктуарыі 1 ліпеня 2023 года. На ўрачыстасцях, якія былі сёлета прысвечаны 25-годдзю каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай, традыцыйна прыбылі тысячы пілігрымаў з усёй Беларусі, многія – пешшу. Эўхарыстыю для іх цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а начную святую Імшу, якая адбылася пасля ўрачыстай працэсіі, – Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Напярэдадні пасланнік Папы Францішка правёў сустрэчы з беларускім епіскапатам і міністрам замежных спраў. Таксама арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці прыняў удзел ва ўрачыстым прыёме з нагоды адзінаццатай гадавіны пантыфікату Святога Айца. Гэту сустрэчу, акрамя каталіцкага духавенства, наведалі прадстаўнікі іншых канфесій і рэлігій, дыпкорпусу і дзяржаўнай улады. А падчас сустрэчы з біскупамі папскі легат запэўніў іх ў асаблівай блізкасці Святога Айца, які памятае пра католікаў у Беларусі, ведае пра тыя складанасці, якія перажывае мясцовы Касцёл, і моліцца за яго.
Звыш 300 удзельнікаў руху Маргарытка сустрэліся ў Тракелях. 24 чэрвеня 2023 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў адбылася сустрэча членаў малітоўных груп гэтага апостальскага руху. Дыяцэзіяльны мадэратар руху ксёндз Ян Раманоўскі ў казанні падчас святой Імшы падкрэсліў, што дзякуючы падтрымцы вернікаў кожны святар адчувае сябе мацнейшым, больш трывалым духоўна. Ён дадаў, што малітва – гэта сіла, моц, суцяшэнне, падтрымка і дар.
Пілігрымку ў Ватыкан здзейснілі парафіяне Чырвонага касцёла ў Мінску. У складзе беларускай дэлегацыі яны ўдзельнічалі ў агульнай аўдыенцыі Папы Францішка 28 чэрвеня 2023 году, падчас якой ён благаславіў збор найбольш шанаваных у Беларусі марыйных абразоў. На плошчы святога Пятра хор парафіі святога Сымона і святой Алены выканаў спевы, а парафіяне маліліся за Радзіму, за Касцёл у Беларусі і хутчэйшае аднаўленне парафіяльнага жыцця ў святыні, закрытай ужо звыш 9 месяцаў.
У Навагрудку аднавілі драўляную фігуру Хрыста XVIII стагоддзя. Каштоўная выява, вырабленая каля 250 гадоў таму, цудам захавалася ў паўразбуранай прыдарожнай капліцы ў вёсцы Несутычы Навагрудскага раёна. Спецыялісты мяркуюць, што яна магла быць зроблена ў Італіі або Прусіі. Гэта адзін з рэдкіх прыкладаў такога віду мастацтва таго часу, выкананы на еўрапейскім узроўні. Выяву Збаўцы вернуць у капліцу пасля завяршэння яе рэстаўрацыі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.