Біскуп Ганконга Стывен Чоў Сау-Ян Біскуп Ганконга Стывен Чоў Сау-Ян 

Ганконг: новапрызначаны кардынал бачыць перспектывы прымірэння

Новапрызначаны ганконгскі кардынал заявіў, што спадзяецца на прымірэнне і хоча, каб горад даў больш надзеі маладым людзям пасля эканамічнага спаду і кампаніі па падаўленні дэмакратычнага руху.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

9 ліпеня 2023 года Францішак абвясціў спіс з 21 новага кардынала. Сярод іх апынуўся 64-гадовы Біскуп Ганконга Стывен Чоў Сау-Ян. Ён прызнаўся, што ўспрымае гэта ў якасці новай місіі, якую Бог даў яму праз Папу. 30 верасня 2023 года на кансісторыі ў Ватыкане іерарх атрымае пурпуровы берэт.

Новапрызначаны кардынал выказаў надзею на тое, што Ганконг патрабуе прымірэння. "Спадзяюся, што гэта тое, чаго мы можам дасягнуць", - сказаў ён журналістам.

Кітай і Святы Пасад разарвалі дыпламатычныя адносіны ў 1951 годзе пасля прыходу да ўлады камуністычнай партыі, якая выслала замежных святароў. На працягу дзесяцігоддзяў існавала напружанасць у сувязі з тым, што Кітай настойваў на праве прызначаць біскупаў і заключаў у турму святароў, якія заяўлялі аб сваёй лаяльнасці Папу.

Біскуп Чоў, які стане чацвёртым кардыналам у гісторыі Ганконга, у красавіку 2023 года пабываў у Пекіне, што стала першым візітам біскупа гэтага горада ў сталіцу Кітая амаль за тры дзесяцігоддзі.

Напрыканцы сваёй паездкі ён сказаў, што запрасіў прызначанага дзяржавай арцыбіскупа Пекіна наведаць Ганконг, што было расцэнена як сімвалічны жэст, які, на думку экспертаў, можа ўмацаваць далікатныя адносіны паміж КНР і Святым Пасадам.

У Ганконгу біскуп Чоў лічыцца ўмеранай і палітычна нейтральнай фігурай.
 

11 ліпеня 2023, 11:27