Кардынал Дамінік Дука Кардынал Дамінік Дука  

Кардынал Дука крытыкуе пазіцыю кіраўніцтва Касцёла ў Германіі

Кардынал Дамінік Дука лічыць, што Касцёлы ў краінах, якія мяжуюць з Германіяй могуць наладзіць душпастырства сярод нямецкіх католікаў, якія адмовіліся плаціць касцёльны падатак і ў юрыдычным сэнсе пакінулі Касцёл.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Такім чынам іерарх адрэагаваў на сенсацыйную навіну аб рэкорднай колькасці сыходаў з Каталіцкага Касцёла ў Германіі. Гаворка ідзе пра больш чым 500 тысяч вернікаў у 2022 годзе. Упершыню самыя вялікія лічбы былі зафіксаваны ў Баварыі. Часта гаворка ідзе не пра фактычны сыход з Касцёла, а пра адмову плаціць касцёльны падатак – Kirchensteuer.

На думку кардынала Дукі, прычынай гэтага з'яўляецца не столькі страта веры ці духоўнае непрыняцце Касцёла, колькі рост супраціву да Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў і да мясцовага епіскапату, які не займае каталіцкай пазіцыі ў дачыненні да так званага Сінадальнага шляху і стварае сітуацыю, пра якую Папа Францішак сказаў: "Нам не патрэбная ў Германіі другая Лютэранская Царква, дастаткова адной".

Былы Прымас Чэхіі адначасова заўважыў, што сярод тых, хто адмаўляецца плаціць касцёльны падатак, ёсць і католікі, незадаволеныя радыкальным стаўленнем Папы Францішка і ватыканскіх кардыналаў да Сінадальнага шляху.

У сваёй заяве іерарх нагадаў аб тым, што адмова ад выплаты касцёльнага падатку – праблема не новая. Яна абмяркоўвалася ўжо пасля аб'яднання Германіі. Калі, на думку мясцовага епіскапату і Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў, такія асобы не могуць заключаць касцёльны шлюб, хрысціць дзяцей або разлічваць на касцёльнае пахаванне, то кардынал Ёзэф Ратцынгер, пазнейшы Бэнэдыкт XVI, прытрымліваўся іншага меркавання. Ён падкрэсліваў, што ў дадзеным выпадку не можа быць і гаворкі аб адлучэнні або выключэнні з Касцёла. Нават ужо будучы Папам, ён рэкамендаваў такім католікам шукаць духоўнай апекі ў суседніх краінах. Кардынал Дука пацвердзіў, што ён быў праінфармаваны пра гэта.

“У Чэхіі, Славакіі ці Польшчы мы можам прапанаваць сакрамэнты для гэтых людзей, яны могуць хадзіць на споведзь і прымаць святую Камунію”, - заўважыў арцыбіскуп-эмерыт Пражскі.

Кардынал Дука таксама не шкадуе крытыкі ў адрас кіраўніцтва Касцёла ў Германіі, у прыватнасці біскупа Бетцынга і кардынала Маркса. Іх скаргі на паміранне мясцовай каталіцкай супольнасці ён назваў праліццём кракадзілавых слёз. "Неабходна правесці рахунак сумлення з нагоды таго, як пэўная колькасць біскупаў, арцыбіскупаў і кардыналаў ставяцца да сваіх абавязкаў і прысягі вернасці", - лічыць ён.
 

26 ліпеня 2023, 10:53