Кардынал-намінант Луіс Хасэ Руэда Апарысьё Кардынал-намінант Луіс Хасэ Руэда Апарысьё 

Новы калумбійскі кардынал аб сваёй місіі

“Гэтае прызначэнне – чыстая міласэрнасць Бога”, - сказаў кардынал-намінант Луіс Хасэ Руэда Апарысьё, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Калумбіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ён даверыў сваю місію абароне Маці Божай Ружанцовай, просячы Яе абараніць яго і ўвесь калумбійскі народ. Краіна ўжо больш за 20 гадоў знаходзіцца ў стане крывавага ўнутранага канфлікту, які прынёс мноства ахвяр.

“Няхай скончыцца вайна, скончыцца насілле, скончацца выкраданні людзей, каб мы маглі працаваць у адзінстве. Няхай скончыцца палярызацыя, каб мы маглі ісці разам у братэрстве, каб Калумбія магла кожны дзень знаходзіць надзею”, - сказаў Мітрапаліт Багаты.

Прызначэнне новага кардынала з'яўляецца важным пацвярджэннем намаганняў Касцёла па ажыццяўленні міратворчай місіі ў Калумбіі. У той час як Папа Францішак абвяшчаў імёны новых кардыналаў у Ватыкане, у Гаване прэзідэнт Густава Петра разам з лідарамі Арміі нацыянальнага вызвалення падпісаў пагадненне аб спыненні агню на шэсць месяцаў. Гэта адзін са станоўчых элементаў пошуку трывалага міру ў краіне, дзе ўвесь час змагаюцца злачынныя, наркатычныя і дзяржаўныя сілы.

Касцёл з’яўляецца актыўным дзеячам на шляху да міру. Айцец Рафаэль Кастыльё, які ўдзельнічае ў вырашэнні канфліктаў, каментуючы сітуацыю ў краіне, падкрэсліў, што “ўстойлівы мір можа прыйсці толькі знізу”. На яго думку, “агульным кантэкстам павінна быць аднаўленчая і сацыяльная справядлівасць, а таксама ўвага да такіх крыніц насілля і несправядлівасці, як наркагандаль, нелегальная здабыча карысных выкапняў, выкраданні і вымагальніцтва". Ён падкрэсліў, што неабходна імкнуцца да так званага "поўнага міру” з удзелам усіх бакоў, а таксама да пошуку міру на мясцовым узроўні.
 

13 ліпеня 2023, 11:20