Партугалія: выхаванцы Scholas Occurrentes чакаюць візіту Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць 1-6 жніўня ў Лісабоне, Папа наведае не толькі сталіцу Партугаліі, але таксама будзе ў Фаціме і Кашкайшы, дзе сустрэнецца з моладдзю ў партугальскай штаб-кватэры Scholas Occurrentes. Гэты міжнародны адукацыйны рух быў ініцыяваны ў 2001 годзе ў Буэнас-Айрэсе тагачасным арцыбіскупам гэтага горада, кардыналам Хорхэ Берголіа, цяперашнім Пантыфікам.
Дзякуючы сваім прыродным і ландшафтным каштоўнасцям Кашкайш з ХІХ стагоддзя стаў улюбёным месцам пражывання партугальскай і замежнай эліты. Штаб-кватэра Scholas Occurrentes у Кашкайшы знаходзіцца ў будынку, які прымыкае да асабняка прэзідэнта Партугаліі.
Scholas Occurrentes – гэта сусветная сетка школ пад эгідай Каталіцкага Касцёла, створаная для развіцця сувязей паміж усімі школамі свету. Яе місія – інтэграваць вучняў праз тэхналагічныя, спартыўныя і мастацкія ініцыятывы, якія падтрымліваюць адукацыю ў культуру сустрэчы, абменьвацца праектамі, асабліва са школамі з меншымі рэсурсамі.
Першыя ўстановы такога тыпу былі створаны пасля падпісання адпаведнага пагаднення вядомымі футбалістамі: аргенцінцам Ліянэлем Месі і італьянцам Джанлуіджы Буфонам у сядзібе Папскай акадэміі навук 13 жніўня 2013 года.
19 сакавіка 2014 года Святы Пасад афіцыйна прызнаў Scholas Occurrentes у якасці прыватнага фонду, які са жніўня 2015 года знаходзіцца ў падпарадкаванні Дыкастэрыі па справах духавенства.