Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Пад Гродна ўшанавалі памяць Мар’яны Бярнацкай і іншых мучанікаў ІІ Сусветнай вайны ў 80-годдзе іх смерці. 15 ліпеня 2023 года ў Навумавічах сабраліся пілігрымы, у тым ліку вернікі гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ён заклікаў вернікаў будаваць мір – найперш у сваіх сем’ях, а таксама запрасіў да асаблівай малітвы ў інтэнцыі краін, якія закрануты ваеннымі канфліктамі і дзе праліваецца кроў нявінных людзей.
Запісана беларускамоўная версія гімна Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у жніўні ў Лісабоне. Каардынатар праекта Алена Кот адзначыла, што адной з ідэй было аб’яднаць розных таленавітых маладых людзей, падтрымаць іх і натхніць далей развіваць свае таленты. "Кожны хай пачуе голас наш, хай рук нашых мора ў паветры шуміць. Езус – Бог жывы, Ён любіць нас, і мы будзем жыць, каб любіць", – такія словы гучаць у рэфрэне гімна.
Беларусь – гэта Марыйная зямля, сцвердзіў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч на ўрачыстасцях у Гудагаі. 16 ліпеня 2023 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай іерарх цэлебраваў начную святую Імшу. У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што пілігрымы, якія прыбываюць у гэты санктуарый, "павінны ўсведамляюць сабе яго асаблівасць, бо тут праз заступніцтва Марыі Бог дакранаецца да чалавека сваёй любоўю і міласэрнасцю, каб перамяняць яго на шляху веры".
У зборы самых шанаваных у Беларусі абразоў Панны Марыі з'явілася новая ікона. Гэта спіс абраза Маці Божай Аглонскай, які напісала мастачка Ядзвіга Сянько. Арыгінал цудадзейнай іконы, якая шануецца таксама і ў Беларусі, знаходзіцца ў базыліцы ў сяле Аглона ў Латвіі. Туды скіруецца пілігрымка з Мінска, падчас якой новы ў экспазіцыі абраз будзе пабласлаўлены, і з таго часу збор працягне перэгрынацыю ўжо з 17 абразамі.
Каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся з нагоды ІІІ Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей, які адзначаецца 23 ліпеня 2023 года. Іерархі пажадалі, каб "святкаванне гэтага дня абудзіла ў сэрцах павагу да старэйшых людзей і адкрыла каштоўнасць іх жыццёвага досведу ў падыходзе да нашай штодзённасці". Біскупы нагадалі, што ў гэты дзень магчыма атрыманне поўнага адпусту пры выкананні звычайных ўмоў і за наведванне пажылых людзей, і тых, хто знаходзіцца ў цяжкім становішчы ці ў патрэбе.
У Новалукомлі адзначаюць 25-годдзе рэгістрацыі каталіцкай супольнасці. 22 ліпеня 2023 года ў парафіі святой Марыі Магдалены праходзіць адпустовая ўрачыстасць, падчас якой святкуюць 25-годдзе рэгістрацыі парафіі і 20-годдзе з часу будаўніцтва касцёла. Ва ўрачыстасцях бяруць удзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Акрамя святой Імшы ў праграме – Марыйны канцэрт з удзелам мінскага хора "Залатая горка", а ўвечары – выступы свецкіх артыстаў.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.