Адкрыццё СДМ-2023: Партугалія – дом Альжбеты, дзе прынялі Марыю

Рэальнасць заключаецца ў тым, каб адправіцца ў дарогу, сустрэць іншых і свет такім, які ён ёсць, каб захапляцца ім і рабіць яго лепшым, - сказаў кардынал Мануэль Клементэ 1 жніўня 2023 года ў Лісабоне падчас Імшы адкрыцця СДМ-2023.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У гаміліі Патрыярх Лісабонскі пракаментаваў тэму сёлетняга форума: Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла, каб наведаць сваю стрыечную сястру Альжбету. Удзельнікі Сусветных дзён, такія ж маладыя, як Марыя, таксама выправіліся ў дарогу, часта цяжкую з прычыны адлегласці, перасадак і выдаткаў.

Кардынал адзначыў, што іх можа спыніць на гэтай рэальнай дарозе “віртуальнае падабенства выбіральнага свету, даступнага перад экранам і залежнага ад аднаго кліку, які можа перанесці ў іншы свет”. Віртуальны свет прымушае нас “сядзець перад прыладай, якая лёгка выкарыстоўвае нас, у той час як мы думаем, што мы выкарыстоўваем яе”. А “рэальнасць заключаецца ў тым, каб адправіцца ў дарогу, сустрэць іншых і свет такім, які ён ёсць, каб захапляцца ім і рабіць яго лепшым”.

Іерарх нагадаў аб тым, што Марыя паспешліва пайшла ў горы, несучы ў сабе Езуса, каб прынесці Яго да Альжбеты. Маладым удзельнікам лісабонскай сустрэчы таксама знаёмая гэта паспешлівасць, з якой іншыя выходзілі насустрач ім, каб прынесці ім Езуса і тыя шырокія гарызонты і жыццё ў багацці, якія Ён дае. У іх асяроддзі "паспешлівасць лунае ў паветры", падобна таму, як цыркулюе Дух Святы. Аднак паспешлівасць, як кажа Папа Францішак, не азначае нецярпення. Бо яно адносіцца да таго, чаго ў нас няма і чаго мы жадаем, у той час як паспешлівасць – гэта абмен тым, што ўжо кіруе намі.

Патрыярх Лісабона запэўніў, што горад і Партугалія ад усёй душы вітаюць маладых людзей. Кожная сем’я і ўстанова, якія прымаюць іх, – гэта “дом Альжбеты, дзе прынялі Марыю, але таксама і Езуса, якога яна насіла ў сабе”.
 

02 жніўня 2023, 09:56