Святога Айца ў Манголіі чакаюць не толькі хрысціяне
Ян Глінскі
З гэтай нагоды місійнае агенцтва Fides апублікавала відэарэпартаж аб рэлігійным жыцці ў Манголіі. Апостальскі прэфект Улан-Батара кардынал Джорджыа Марэнга ў каментары да сюжэта адзначыў гатоўнасць розных рэлігій працаваць разам дзеля дабра ўсіх жыхароў краіны.
Манголія мае даўнія традыцыі духоўнасці – шаманскай, будыйскай і часткова ісламскай. Гэтая ўнікальная гістарычная спадчына асабліва цікавая для каталіцкіх місіянераў: яны вывучалі мангольскі рэлігійны плюралізм падчас дыялогу, які з часам перарос у рэгулярныя міжрэлігійныя сустрэчы і супольныя ініцыятывы, - сказаў іерарх.
Разнастайнасць духоўных традыцый “не стварае пагроз, перашкодаў або знакаў запытання”. У выпадку гарманічнага суіснавання яны становяцца важным рэсурсам для кожнага грамадства і дзяржавы. Як дадаў кардынал, менавіта гэтым тлумачыцца гатоўнасць “абагачаць адно аднаго праз паглыбленне ўласных традыцый”.
Падчас візіту ў Манголію Пантыфік сустрэнецца з рэлігійнымі лідарамі, што, на думку кардынала Марэнга, умацуе плён дыялогу. Як падкрэсліў іерарх, “прадстаўнікі іншых рэлігійных традыцый з вялікай пашанай і захапленнем ставяцца да Святога Айца”.
Насельніцтва Манголіі складае 3,3 мільёны чалавек, дзе большасць (52% жыхароў) вызнаюць ламаісцкі будызм, 41% жыхароў называюць сябе нерэлігійнымі, 3,2% вызнаюць іслам і 1,3% – хрысціянства.
Больш за трыццаць гадоў таму урад Манголіі выступіў з просьбай аб усталяванні дыпламатычных адносін са Святым Пасадам. З гэтай нагоды ў кастрычніку 1991 года ў Манголію для стварэння першых каталіцкіх місій прыбыў місіянер Жэром Хэйндрыкс. “Я сустракаўся з мангольскімі лідарамі, і яны запэўнівалі, што новая канстытуцыя дае гарантыю рэлігійнаму плюралізму і што ўсе рэлігіі і канфесіі будуць добразычліва прынятыя”, – дзяліўся ўражаннямі місіянер, які на той час сярод больш чым двух мільёнаў манголаў не сустрэў ніводнага хрысціяніна.
На сёння, паводле апошняга перапісу насельніцтва, католікаў у Манголіі налічваецца каля 1450 чалавек.