Пошук

Наступствы паводкі ў Славеніі Наступствы паводкі ў Славеніі  (AFP or licensors)

Паводка ў Славеніі: біскупы і Карытас аб'ядналі намаганні па дапамозе

Канферэнцыя Біскупаў Славеніі і Карытас арганізавалі нацыянальны збор сродкаў і іншыя мерапрыемствы, каб дапамагчы тысячам пацярпелых ад разбуральнай паводкі і апоўзняў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Паводка, якая стала самым разбуральным стыхійным бедствам у гісторыі краіны, забрала жыцці шасці чалавек і нанесла шкоду на мільёны еўра.

Канферэнцыя Біскупаў Славеніі ахвяравала 75 тысяч еўра для аказання дапамогі пацярпелым. Гэтыя сродкі будуць перададзеныя Карытас Славеніі.

9 жніўня 2023 года славенскія біскупы правялі спецыяльнае пасяджэнне па выніках візітаў у пацярпелыя раёны сваіх дыяцэзій з мэтай аказання тэрміновай дапамогі. Яна заключаецца ў размеркаванні прадметаў першай неабходнасці і адкрыцці касцёльных структур для размяшчэння бежанцаў. Біскупы таксама звярнуліся да ўсіх парафій з просьбай арганізаваць збор ахвяраванняў для Карытас. Акцыя пройдзе ў нядзелю, 13 жніўня 2023 года.

Славенскія біскупы выказалі сваю занепакоенасць маштабамі разбурэнняў і высока ацанілі працу добраахвотнікаў, выратавальнікаў і ўсіх тых, хто аказвае дапамогу пацярпелым. "Салідарнасць людзей, якія дапамагаюць адзін аднаму, усяляе новую надзею ў гэты цяжкі час", - падкрэслілі біскупы.

Між тым, Карытас Славеніі паведаміла, што дыяцэзіяльным і парафіяльным аддзяленням ужо перададзена каля 300 тысяч еўра. Сродкі пойдуць на пакупку і размеркаванне прадуктаў харчавання, прадметаў гігіены і інструментаў, такіх як тачкі і рыдлёўкі. Сем'ям пацярпелых былі выдадзеныя ваўчары на пакупку тавараў паўсядзённага попыту. Дапамога дабрачыннай арганізацыі таксама распаўсюджваецца на расчыстку дамоў і кватэр. Дзяжурства нясуць некалькі сотняў добраахвотнікаў з парафіяльных аддзяленняў і моладзевай арганізацыі YoungCaritas.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Ватыкане 9 жніўня 2023 года, Францішак заклікаў маліцца за пацярпелых ад моцных прыродных катаклізмаў у розных частках свету, у тым ліку ў Славеніі і Грузіі.

12 жніўня 2023, 11:54