Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад правёў сустрэчу каталіцкіх блогераў на СДМ

Сотні каталіцкіх блогераў з розных частак свету прынялі ўдзел у вячэрняй сустрэчы, якая прайшла 4 жніўня 2023 года пасля Крыжовага шляху з Папам у Лісабоне. Яна была арганізавана ватыканскай Дыкастэрыяй па камунікацыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Маладыя католікі, актыўныя ў лічбавым свеце, сустрэліся ў Парку хрыстанаўтаў – адмысловай пляцоўцы, створанай спецыяльна з нагоды Сусветных дзён моладзі. Яны абмеркавалі будучыню каталіцкай камунікацыі, звяртаючы ўвагу на важнасць таго, каб ісці ў нагу з часам і выкарыстоўваць сучасныя медыйныя тэхналогіі для распаўсюджвання радасці Евангелля.

З уступным словам да каталіцкіх блогераў звярнуўся ксёндз Лусіа Адрыян Руіс, сакратар Дыкастэрыі па камунікацыі. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат да крэатыўнасці, адвагі і адзінства. Святар падкрэсліў, што гэтыя рысы характарызавалі першых вучняў Хрыста.

У рамках сустрэчы тры інфлюэнсеры падзяліліся ўласнымі сведчаннямі, якія тычыліся важнасці жыцця верай, дзялення ёй з іншымі людзьмі, адказу на пакліканне да евангелізацыі. Некалькі слоў да блогераў скіраваў таксама гандураскі кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга, арцыбіскуп-эмерыт Тэгусігальпы. На завяршэнне сустрэчы іерарх благаславіў маладых людзей і сродкі камунікацыі, якія яны выкарыстоўваюць у сваёй місійнай дзейнасці ў інтэрнэце.
 

05 жніўня 2023, 11:45