Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Распачаўся Год падзякі Маці Божай і падрыхтоўка да прысвячэння Касцёла ў Беларусі Сэрцу Езуса. 5 жніўня 2023 года ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе пілігрымы сабраліся на першую сустрэчу ў межах гэтых духоўных мерапрыемстваў згодна з распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных Году падзякі Маці Божай за Яе апеку і атрыманыя ласкі, распачаў у Нацыянальным санктуарыі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Група з Беларусі ўдзельнічае ў Сусветных днях моладзі ў Лісабоне. Пілігрымы прыбылі разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім у сталіцу Партугаліі, дзе 1 жніўня 2023 года пачаліся цэнтральныя мерапрыемствы з удзелам Папы Францішка. Сярод прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі – студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, маладыя свецкія вернікі з Мінска ды іншых гарадоў. Па дарозе ў Лісабон беларускія католікі пабывалi ў санктуарыях у Люрдзе і Фаціме, базыліцы святога Якуба ў Сант’яга-дэ-Кампастэла.

80-ю гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёных назарэтанак адзначылі ў Навагрудку. 31 ліпеня – 1 жніўня 2023 года тут адбыліся галоўныя ўрачыстасці з гэтай нагоды. У час Другой сусветнай вайны гітлераўцы расстралялі адзінаццаць сясцёр назарэтанак, якія аддалі жыццё ўзамен за 120 чалавек. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Тым часам у навагрудскі касцёл былі ўрачыста ўнесены рэліквіі благаслаўлёных сясцёр і іх абразы.

У Гомелі азначылі 30-годдзе заснавання Дома міласэрнасці Кангрэгацыі місіянерак любові (сясцёр Маці Тэрэзы). 4 жніўня 2023 года шматлікія госці сабраліся тут – у адзіным у Беларусі месцы служэння прадстаўніц гэтай кангрэгацыі. У гомельскім Доме міласэрнасці кормяць і лечаць бедных і беспрытульных, дапамагаюць праблемным і шматдзетным сем’ям. Падчас святкавання юбілею адбылася святая Імша падзякі, выступы тых, каму ў свой час сёстры дапамаглі наноў інтэгравацца ў грамадства, вярнуцца да здаровага ладу жыцця, а таксама цяперашніх жыхароў Дома міласэрнасці.

Фестываль Novafest прайшоў ва Уселюбе. 29 ліпеня 2023 года ў парафіі святога Казіміра зладзілі ўжо трэці фестываль-рэкалекцыі, на якім сабраліся ўдзельнікі з усіх дыяцэзій Беларусі, а таксама з Масквы. Канферэнцыі, сведчанні, Крыжовы шлях прабачэння, Ружанец, канцэрт, квэст і нават калекцыя мерчаў і паштовак зрабілі праграму фестываля насычанай і цікавай.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

05 жніўня 2023, 09:55